Сапраўдныя майстры сцэны

Образование

Галасы чыстыя, быццам вада крынічная
Напэўна, невыпадкова народны фальклорны ансамбль “Крыніца”, які створаны ў 1994 годзе пры дзіцячай школе мастацтваў з ліку яе выкладчыкаў, атрымаў такую назву. Якая гаючая чыстая вада з крыніцы, якую сілу яна надае, так і добратворная сіла народнага мастацтва, якое даносяць да глядацкай аўдыторыі ўдзельнікі ансамбля.

Стваральнік “Крыніцы” У.І. Мінін прыклаў многа намаганняў для развіцця гэтага ўнікальнага калектыву. Высокім выканаўчым майстэрствам самадзейныя артысты радавалі жыхароў бліжэйляжачых раёнаў Гомельшчыны, запіс іх канцэрта трансліраваўся па рэспубліканскім радыё і тэлебачанні. Ансамбль прымае ўдзел у песенных конкурсах рознага рангу і, як правіла, вяртаецца дамоў з узнагародамі. Апошняя з іх – Дыплом за подпісам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І. Бамбізы, старшыні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Першага адкрытага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” за высокае мастацкае майстэрства і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Нашы артысты выканалі песню “Шумяць вербы”, якая нарадзілася ў в. Глінішча і якую  любіў спяваць наш славуты зямляк, народны пісьменнік Беларусі І.П. Мележ.

Штогод артысты “Крыніцы” запрашаюцца на гала-канцэрт творчых калектываў ля манумента Дружбы народаў на мяжы трох рэспублік – Беларусі, Украіны і Расіі, адсюль яны вяртаюцца дамоў не толькі з добрымі ўражаннямі, але і заслужанымі ўзнагародамі.  Зачароўваючае майстэрства самадзейных артыстаў, якія маюць ярка выражаную манеру выканання, заўсёды заслугоўвае пахвалу гледачоў. Чыстымі звонкімі галасамі настройваюць на гэта салісткі-вакалісткі ансамбля Людміла Беразоўская, Наталля Варабей, Ала Малашкіна, Таццяна Рудзянок, а музычнае суправаджэнне на беларускіх народных інструментах ажыццяўляюць Дзяніс Яновіч, Лідзія Цішкевіч, Руслан Чэкан, Павел Лешчанок, Алена Бордак, Ірына Чатырка, Алена Гушча, Юлія Півавар і кіраўнік творчага калектыву У.І. Мінін.

Правёўшы заняткі ў сваіх класах, удзельнікі ансамбля збіраюцца на чарговую рэпетыцыю, жыва абмяркоўваюць рэпертуар, які, як правіла, складаецца з беларускіх народных песень і найгрышаў. Рыхтуецца новая праграма, якая, без сумнення, будзе сустрэта гледачамі на “біс”.




БРАВА, “ВЕРАСОК”!
Узлёт на музычны алімп гэтага калектыву быў даволі імклівым: фальклорны ансамбль “Верасок” быў створаны пры дзіцячай школе мастацтваў яе выкладчыкам У.М. Чарняковым у 1993 годзе, а праз год ужо калектыву было прысвоена ганаровае званне ўзорнага.

Юныя спевакі, музыканты і танцоры “Вераска” выступалі на сцэне буйных культурна-масавых мерапрыемстваў рэспубліканскага маштабу, а таксама ўдзельнічалі ў міжнародных фестывалях у Германіі і Італіі. На фестывалі-конкурсе “Мой сябра – баян” у 1999 годзе ансамбль заваяваў Гран-пры, а яго акардэяніст Сяргей Галай заняў трэцяе месца.

І ў нашым раёне ніводнае мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу гэтага  ансамбля, рабяты – сапраўдныя энтузіясты, якія любяць беларускае народнае мастацтва, умеюць іграць на розных інструментах, спяваць і танцаваць.
За час дзейнасці змянілася не адно пакаленне вераскоўцаў, многія з іх сваё працоўнае жыццё звязалі з музыкай. Так, былы ўдзельнік ансамбля Руслан Чэкан з’яўляецца выкладчыкам Стралічаўскага філіяла дзіцячай школы мастацтваў, а яго калега Дзяніс Яновіч працягвае радаваць гледачоў віртуознай ігрой на музычных інструментах у складзе фальклорнага ансамбля “Крыніца”.

Адметна і тое, што для ўсіх трох сыноў У.М. Чарнякова ўдзел у ансамблі “Верасок” стаў своеасаблівым трамплінам для спасцігання прафесійных вышынь: старэйшы Павел, лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі для асабліва адораных дзяцей, прызёр абласнога і ўдзельнік міжнароднага конкурсу “Музыка надзеі”,  працуе выкладчыкам у Мазырскім музычным каледжы, сярэдні Алег вучыць ігры на баяне навучэнцаў філіяла дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Глінішча, малодшы Сяргей – студэнт Смаленскага інстытута мастацтваў.

Аднак нязменнай застаецца канцэпцыя дзейнасці ансамбля “Верасок”, яго ўдзельнікі ахвотна прыходзяць на рэпетыцыі і з задавальненнем займаюцца карыснай працай па захаванню беларускіх народных традыцый, якія так арганічна злучаюць сённяшні дзень з мінулым. Іх намаганні не праходзяць дарэмна – канцэрты ансамбля “Верасок” заўсёды праходзяць з аншлагам, а шчырыя апладысменты гледачоў – лепшая ўзнагарода для юных артыстаў.




ВЕРНЫЯ АБРАНАМУ КУРСУ
У канцы лістапада сталі вядомы вынікі абласнога агляду-конкурсу народных аматарскіх тэатраў. У адпаведнасці з імі народны тэатр Хойніцкага раённага Дома культуры щзнагароджаны заахвочвальнай граматай журы, а яго кіраўнік  Аляксей Васільевіч Сярмяжка атрымаў спецыяльны Дыплом у намінацыі “Лепшая мужчынская роля”.

У рамках агляду хойніцкія самадзейныя артысты 17 кастрычніка выступалі на сцэне Рэчыцкага гарадскога Дома культуры з адноўленай пастаноўкай п’есы А. Макаёнка “Трыбунал”. Гэты спектакль у рэпертуары нашага тэатра існуе з 1981 года, а цяперашняе звяртанне да яго стала трэцім у жыцці калектыву: яшчэ адна версія “Трыбунала”  была прапанавана гледачам у 1994 годзе.

Сённяшні выбар макаёнкаўскай п’есы невыпадковы – гэтую пастаноўку акцёры тэатра і яго рэжысёр прысвяцілі 65-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сімвалічна, што прэм’ера спектакля адбылася літаральна напярэдадні гэтага вялікага свята.

На рэчыцкай сцэне выдатна выступілі хойніцкія дэбютанты тэатральных конкурсаў: Вольга Шляхценка, Анжэла Бондар, Мікалай Кабанькоў і Яўгеній Заяц. На вышыні былі і  вопытныя самадзейныя артысты Людміла Смольская, Васілій Найдзенка і Людміла Беразоўская. А пра выканаўчае майстэрства рэжысёра тэатра А.В. Сярмяжкі яскрава сведчыць атрыманы ім дыплом, які стаў далёка не першым у яго артыстычнай і прафесійнай кар’еры.
У сваёй творчасці і ў рэпертуарнай палітыцы ў прыватнасці  Аляксей Васільевіч цвёрда прытрымліваецца абранага курса – увасабляць у сцэнічнае жыццё лепшыя ўзоры беларускай нацыянальнай драматургіі.
Будзем спадзявацца на тое, што ўжо ў недалёкім будучым нас чакаюць новыя цікавыя пастаноўкі і новыя ролі хойніцкіх самадзейных артыстаў.




ЗАХОЎВАЮЦЬ ФАЛЬКЛОРНАЕ БАГАЦЦЕ
Найбольш яркім прадстаўніком народнай творчасці на Хойнікшчыне з’яўляецца народны ансамбль “Спадчына” раённага Дома культуры, галоўнай задачай якога з’яўляецца збор і захаванне народных песень. Ансамбль  быў створаны ў 1987  годзе і з таго часу радуе гледачоў, даносіць да іх багацце беларускай песеннай творчасці. Зараз яго кіраўніком з’яўляецца Л.У. Краўчанка, акампаніятарам – Р.М. Лушч. Удзельнікі ансамбля (у асноўным гэта жанчыны) – людзі паважанага ўзросту, аднак узрост непадуладны іх моцным і звонкім галасам. “Патрыярхі” ансамбля – Яніна Міхайлаўна Краўчанка, Соф’я Аляксандраўна Іванюценка, Наталля Пракопаўна Гуз, Ніна Мікалаеўна Петруненка, Ірына Андрэеўна Раманчык, Ала Аляксандраўна Сацура.

Артысты “Спадчыны” прымаюць актыўны ўдзел у тэатралізаваных святах “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Масленіца”, у правядзенні сельскагаспадарчых кірмашоў. Яны жаданыя госці на палях, фермах, на сцэнах сельскіх устаноў культуры.

У рэпертуары “Спадчыны” больш за 60 песень, сярод іх больш апладысментаў выпадае на “Дзве галубкі”, “Ой, хмелю, мой хмелю”, некаторыя, як напрыклад, “Чарнаморчык”, “А ў полі вецер вее” выконваюцца акапельна.
За час існавання калектыў атрымаў многа заслужаных узнагарод, ён з’яўляецца лаўрэатам Усесаюзнага агляду мастацкай самадзейнасці.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *