Ад захавання – да шматразовага прымнажэння


Гавораць удзельнікі ІV Усебеларускага народнага сходу

А.В. БІЧАН, старшыня раённага выканаўчага камітэта:
– У сваім дакладзе на ІV Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы дакладна абазначыў задачы, якія прадстаіць вырашыць беларускаму народу ў бліжэйшыя гады. Гэтыя рашэнні з’яўляюцца адлюстраваннем сацыяльных настрояў грамадзян нашай краіны і, безумоўна, будуць выкананы.
Многа ўвагі і надалей будзе ўдзяляцца развіццю малых гарадоў, да якіх адносяцца і Хойнікі. А.Р. Лукашэнка адзначыў на сходзе, што за трэцюю пяцігодку ў рэгіёнах створана 120 тысяч рабочых месц і вызначаны прыярытэт на чацвёртую – дзве трэці з уноўствораных рабочых месц павінны быць у малых і сярэдніх гарадах. А гэта – добрая перспектыва развіцця. Будзе развівацца вытворчасць, значыць і добрая агульная перспектыва.

Г.В. БОНДАР, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Прамова Прэзідэнта ўразіла не толькі маштабнасцю пастаўленых на наступную пяцігодку задач, але і глыбока закранула па-чалавечы. І гэта таму, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вельмі перажывае за будучае Беларусі і дакладна бачыць, як зрабіць яе лепшай, мацнейшай, камфортнай для грамадзян.
Рэгіянальная палітыка накіравана на павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, рацыянальнае выкарыстанне вытворчага, рэсурснага і кадравага патэнцыялу. Вырашэнне гэтай глабальнай задачы прадугледжвае павышэнне ініцыятывы і адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Нам дадзены вялікія паўнамоцтвы. І, канешне, будзем імі карыстацца для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойнікшчыны.

Н.У. РАМАНЧЫК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце гімназіі г. Хойнікі:
– На ІV Усебеларускім народным сходзе адзначалася, што перыяд рэфармавання ў беларускай сістэме адукацыі завершаны. За наступныя пяць гадоў прадугледжана абнавіць змест і павысіць якасць адукацыі, каб стварыць школу, адкуль выходзіць інтэлектуальная моладзь.
– Першачарговымі задачамі ў галіне адукацыі вызначаны павышэнне якасці, стварэнне такой сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбнасцямі інавацыйнага развіцця. Вырашэнне гэтых задач дазволіць узняць прэстыж прафесійнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі, забяспечыць уваход у еўрапейскую адукацыйную прастору, не страчваючы дасягненняў і традыцый айчыннай вышэйшай школы.

М.В. ШТАГЕР, аператар машыннага даення КУП “Аравічы”:
– Лічу за вялікі гонар удзельнічаць у рабоце  важнейшага народнага форуму Беларусі. На ім многа ўвагі было ўдзелена сельскай гаспадарцы і адраджэнню вёскі. І гэта вельмі правільна, бо сёння вяскоўцы працуюць на нашу дзяржаўную бяспеку, экспарт сельгаспрадукцыі і сур’ёзнае замацаванне на сусветным аграрным рынку. Увачавідкі вёска запаўняецца новабудоўлямі, становяцца добраўпарадкаванымі дарогі, на дапамогу працаўнікам прыйшла сучасная тэхніка. У нашым сельгаспрадпрыемстве будуецца новая малочнатаварная ферма, на якой будзе выкарыстоўвацца навейшае халадзільнае абсталяванне.
Самае галоўнае, што на працу да нас прыходзяць маладыя спецыялісты. Гэта – наш асноўны капітал.

В.А. ЛАБАДА, станочнік Хойніцкага дрэваапрацоўчага камбіната:
– Як працаўнік калектыву, які займаецца дрэваапрацоўкай, з вялікай зацікаўленасцю ўспрыняў раздзел прамовы Прэзідэнта нашай краіны аб перспектывах прамысловага развіцця. Яны вельмі ўразілі, бо намячаецца павышэнне тэхнічнага і тэхналагічнага ўзроўню вытворчасці на аснове хуткага абнаўлення асноўных сродкаў, стварэнне канкурэнтаздольнай прадукцыі, выпуск высакаякасных і запатрабаваных на рынках тавараў.
Усе мы, прамыслоўцы, абавязаны эканоміць, выходзіць на новыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць вырабляць прадукцыю з мінімальнымі затратамі.
У мяне ёсць упэўненасць, што намечанае ІV Усебеларускім народным сходам зробіць жыццё беларуса лепшым.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *