ГРАШОВЫ ФАКТАР, або Чаму не выконваецца заданне па закупу жывёлы ад насельніцтва

Сельское хозяйство

Жыхары нашага раёна, якія маюць ва ўласным карыстанні жывёлу, заўсёды гатовы падзяліцца лішкамі прадукцыі з дзяржавай. Аднак калі з закупам малака справы абстаяць больш-менш прымальна, то з продажам маладняку жывёлы сельгаспрадпрыемствам іх стан спраў зусім адваротны. У чым прычына, паспрабаваў высветліць карэспандэнт “ХН” у намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А.П. МАХНАЎЦА.

– Аляксандр Пятровіч, наколькі актуальны зараз закуп маладняку БРЖ?
– У сувязі з тым, што ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да змяншэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў грамадскім сектары, закуп маладняку буйной рагатай жывёлы – асноўная альтэрнатыва яго павелічэнню. Сёння ў сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца крыху больш за 21 тысячу пагалоўя БРЖ, гэтая лічба складае 96 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Каб выправіць становішча спраў, было даведзена заданне гаспадаркам раёна закупіць ад насельніцтва сёлета 1000 галоў жывёлы, зыходзячы з 70-працэнтнай мяжы ад ўсёй наяўнасці кароў у прыватным сектары.

– Якія ж папярэднія вынікі года па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы?
– Можна сказаць, несуцяшальныя, бо закуплена толькі 256 галоў яе. Рэзкі кантраст у разрэзе сельгаспрадпрыемстваў па гэтаму паказчыку. Пагалоўе эксбазы “Стралічава”, КСУП “Судкова”, КУП “Аравічы” павялічылася адпаведна на 76, 67 і 65 галоў, а ў “Велеціне” і “Велікаборскім” – толькі 5 і 4 галавы.

– На ваш погляд, што адыграла ў гэтым сваю адмоўную ролю?
– Галоўная прычына – несвоечасовасць разлікаў за здадзеную жывёлу. А людзі хочуць атрымаць грошы адразу пасля продажу, таму больш ахвотна карыстаюцца паслугамі індывідуальных прадпрымальнікаў.

– Можа яны і плацяць больш?
– Не сказаў бы. Зараз сельгаспрадпрыемствы за адзін кілаграм жывой вагі маладняку БРЖ плацяць 5 тысяч рублёў, 1 тысячу рублёў даплачвае бюджэт. У кожнай гаспадарцы распрацаваны меры матэрыяльнага стымулявання здатчыкаў жывёлы, якія прадугледжваюць дадатковую частку аплаты збожжам, сенам. Калі ўсё падлічыць, то атрымліваецца, што гаспадаркі плацяць больш. Але ж у гэтай сітуацыі грашовы фактар адыгрывае асноўную ролю.

– Аляксандр Пятровіч, у чым вы бачыце выйсце са склаўшагася становішча?
– Па-першае, кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў трэба кардынальным чынам змяніць адносіны да справы дзяржаўнай важнасці. Несвоечасовасці разлікаў з людзьмі не павінна быць, як і адгаворак наконт цяжкага фінансавага становішча гаспадарак, гэтае становішча паўсюдна аднолькавае. Але ж чамусьці ў эксбазе “Стралічава” стараюцца нягледзячы на гэта выконваць дагаворныя абавязацельствы перад здатчыкамі, чаго, на жаль, не скажаш аб КСУП “Велікаборскі”.

Па-другое, актывізаваць растлумачальную работу з насельніцтвам, больш зацікавіць людзей у выгаднасці продажу жывёлы менавіта сельгаспрадпрыемству.

Па-трэцяе,  на маю думку, самае галоўнае – мэтазгодна было б павысіць закупачныя цэны на прадаваемую жывёлу.

Адным словам, зрабіць усё, каб супрацоўніцтва ў закупе было ўзаемавыгадныя як для гаспадаркі, так і для здатчыка.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *