Нашы дзеці – у надзейных руках

Образование

“Мая другая мама,” – так можа сказаць кожны выхаванец групы “Малышы” дзіцячага сада № 5 “Казка” г. Хойнікі пра Маргарыту Анатольеўну Клімаву, Алу Уладзіміраўну Цуранаву і Людмілу Канстанцінаўну Дырдоль. Кожную раніцу яны сустракаюць дзетак чароўнай усмешкай, пяшчотным позіркам. Імгненна адчуваюць настрой кожнага выхаванца, кожнаму знойдуць ласкавае слова, супакояць.

– Кожнае дзіцятка – асобны характар: аднаго трэба хуценька схапіць на рукі, другога пахваліць за прыгожы выгляд, а камусьці адказаць на  пытанні, – гаворыць М.А. Клімава. – Для нас галоўнае, каб мамы і таты, а таксама бабулі і дзядулі давяралі нам і не хваляваліся, таму што мы робім усё, каб дзеткі былі дагледжаны, добра пад’елі, салодка паспалі.

Працу выхавальніц пераацаніць вельмі цяжка. І не кожнаму яна пад сілу: знайсці падыход да кожнага дзіцячага сэрца, валодаць бязмежнай цярплівасцю, уменнем змястоўна і цікава арганізаваць дзень маленькіх, адчуваць нават самыя нязначныя “збоі” здароўя і настрою – гэта ўдаецца не ўсім.

Значную частку свайго жыцця чулыя жанчыны прысвяцілі няпростай справе выхавання, набылі добры вопыт, менавіта праз іх сэрцы прайшлі сотні дзетак. І думаецца, што, стаўшы дарослымі, яны заўсёды будуць успамінаць сваіх выхавальніц. – Самае цяжкае для нас – развітвацца з дзецьмі. Мы іх прымаем маленькімі, некаторым яшчэ і двух гадоў няма, прывыкаем, “прырастаем” да іх, а потым яны ідуць у іншую ўзроставую групу, а мы сумуем, перажываем за іх, успамінаем, як першы раз нашы дзеткі прыйшлі да нас, – гаворыць А.У. Цуранава.

Не меншая адказнасць за дзяцей і ў памочніка выхавальніц Л.К. Дырдоль. Яна ў групе Гаспадыня з вялікай літары.

– У нас не бывае выпадковых людзей, а калі такія і ўладкоўваюцца на работу, надоўга не затрымліваюцца, – адзначае загадчыца сада Л.І. Міхед. – Усе нашы работнікі старанныя і адносяцца да сваёй справы з пачуццём адказнасці.
Раніца. Бацькі спяшаюцца на работу. Адчыняюцца дзверы, і выхавальніцы сустракаюць дзетак, якія з радасцю вітаюцца, абдымаюцца, дружнай шчабечучай чародкай рушаць у сваю групу, каб разам правесці яшчэ адзін цікавы насычаны дзень у дашкольнай установе. А мамы і таты, хвіліну-другую пастаяўшы за дзвярыма і не пачуўшы плачу свайго малога, імкліва разыходзяцца. Унутраны голас ім падказвае: “Не хвалюйцеся. Вашы дзеці ў надзейных руках!”


 


Лілія КРАЎЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *