Устаноўка тэлефона — не праблема


На стале – стацыянарны, у кішэні – мабільны, на сцяне – бяздротавы. Так можна ахарактарызаваць забяспечанасць жыхароў нашага раёна тэлефонам, гэтым, перафразіруючы вядомае выказванне, сродкам не раскошы, а зносін у сучасным свеце. Мабільны тэлефон, канешне ж, рэч зручная і неабходная, асабліва для дзелавых людзей. Але яго можа дазволіць мець не кожны вясковец, ды і гараджанін, у якога стацыянарны тэлефон не  ўстаноўлены і чалавек доўга з-за гэтага стаіць на чарзе ў раённым вузле электрасувязі.

Зараз праблема вырашальная. Нядаўна РВЭС пачаў асвойваць новую тэхналогію WLL (Wireless Local Loop) – бяздротавае падключэнне стацыянарнага тэлефона дома або ў офісе да фіксаванай тэлефоннай сеткі з дапамогай спецыяльнага тэрмінала. Гэты праект рэалізоўваецца сумесна з аператарам сотавай сувязі Diallog з выкарыстаннем стандарта  CDMA-2000 у дыяпазоне частот 450 МГц.

Ніякога адрознення паміж стацыянарным і бяздротавым тэлефонам па цане ўстаноўкі (62 тысячы рублёў) і абаненцкай плаце не існуе. Адзін толькі нязначны нюанс – па тэхналогіі WLL патрэбна абаненту набыць тэлефонны апарат з танальным наборам.

А пераваг пры карыстанні бяздротавым тэлефонам значна больш: тэрміналы WLL прадастаўляюць магчымасць падключыцца да шырокапалоснага доступу ў Інтэрнет, кожнаму абаненту даступны тарыфныя планы з памегабайтнай тарыфікацыяй. Акрамя таго, у спісак паслуг уключана і факсімільная сувязь, што значна пашырае сферу дзейнічання бяздротавага абаненцкага доступу.

22 тэрміналы WLL устаноўлены ўжо для людзей, якія састаяць у чарзе на тэлефон, жыхароў горада, вёсак Казялужжа, Віць, Судкова, Барысаўшчына. Пры паступленні абсталявання імі будуць забяспечаны ўсе жадаючыя вяскоўцы, акрамя тых, хто пражывае ў вёсках Вялікі Бор, Партызанская, Хвойная Паляна, якія не знаходзяцца ў зоне пакрыцця па гэтай тэхналогіі. Але праблема з тэлефоннай сувяззю вырашыцца тут з узвядзеннем аграгарадка ў Вялікім Боры.

– Пракладка кабелю пры ўстаноўцы тэлефона гэта ўжо мінулы век, – гаворыць начальнік раённага вузла электрасувязі М.А. Міхаленка. – І мы смела ідзем на ўкараненне навейшых тэхналогій. На чарзе на ўстаноўку тэлефона зараз састаяць па раёну 520 чалавек, сярод якіх 215 жыхароў горада, якім таксама прапануем бяздротавае падключэнне тэлефонаў.

Патрэбна адзначыць, што пры гэтым работнікі РВЭС правялі апытанне абанентаў наконт укаранення тэхналогіі WLL. Водгукі самыя станоўчыя.

Акрамя гэтага, з 1 лютага РВЭС увёў новы пакет лічбавага тэлебачання “Проста ТБ”. Вяшчанне тэлеканалаў пакета вядзецца толькі ў рэжыме рэальнага часу, як звыклае для нас тэлебачанне. З’явілася магчымасць глядзець  36 тэлеканалаў, сярод якіх “Дзіцячы свет”, “Ваша кіно”, “Настальгія”, “Драйв”, “Паляванне і рыбалка”, “Рускі экстрым”, “Сядзіба” і інш. Адным словам, кожны глядач знойдзе канал па свайму па густу. Да таго ж усім абанентам пакета “Проста ТБ” даступна электронная версія праграмы тэлеперадач.

У параўнанні з праславутай “талеркай” кошт новай паслугі невялікі: кожны месяц трэба плаціць 15200 рублёў, установачная плата – 25 тысяч рублёў.

Каб паглядзець дома “Проста ТБ”, неабходна пакінуць заяўку ў раённым вузле электрасувязі і дачакацца вынікаў тэхнічнага заключэння спецыялістаў аб магчымасці прадастаўлення паслугі.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *