Трэнажорная зала ў вясковай школе – на зайздрасць!

Спорт

З мэтай стварэння ў сельскай мясцовасці дадатковых умоў для адпачынку моладзі, асабліва ў вячэрні час, Казялужская сярэдняя школа прыняла ўдзел у конкурсе праектных ідэй у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ПРААН “Мінімізацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Па выніках конкурсу для фінансавання была абрана праектная ініцыятыва “Садружнасць інтарэсаў”, мэтай і задачамі якой стала арганізацыя на базе Казялужскай школы трох гурткоў: спартыўнага, музычнага і турыстычнага. Гэты праект створаны з мэтай арыентаваць вучняў школы і вясковую моладзь на здаровы лад жыцця, на сумесную творчую работу і актыўную жыццёвую пазіцыю. Фінансаванне, прадастаўленае ЕС/ПРААН, склала больш за 13 тысяч долараў, агульны бюджэт праектнай ініцыятывы –  больш за 26 тысяч долараў ЗША.

Удзел у рэалізацыі праектнай ініцыятывы прынялі вучні і работнікі школы, сем’і вучняў, прадстаўнікі шэфскіх і партнёрскіх арганізацый (Судкоўскі сельсавет, КСУП “Судкова”, торфабрыкетны завод “Хойніцкі”, раённы вузел паштовай сувязі), мясцовая моладзь, жыхары вёсак. Аб’яднанне намаганняў бацькоў, мясцовых жыхароў і  настаўнікаў дало станоўчы вынік.

Сёлета за час рэалізацыі праекта былі праведзены суботнікі, пасяджэнне “круглага стала” “Мы і наш адпачынак”, турыстычны злёт “Турыстычная сцяжынка”, майстар-клас па гуртковай рабоце, творчыя выстаўкі, выступленні агітбрыгад, акцыі “Садружнасць”, “Я, ты, ён, яна – інтарэсаў ёсць краіна”.

ШТО ЎДАЛОСЯ ЗРАБІЦЬ?
.Для трэнажорнай залы было выдзелена памяшканне, мясцовая моладзь і вучні старэйшых класаў дапамагалі мяняць вокны, фарбавалі сцены. Закуплена 13 трэнажораў. Усяго ж спартыўнага і турыстычнага абсталявання і інвентару набыта 210 адзінак.

.Аформлена актавая зала. Устаноўлена акустычная і святломузычная апаратура, дзякуючы чаму з’явілася магчымасць праводзіць разнастайныя мерапрыемствы з паўнацэнным музычным суправаджэннем.

.Адкрыўся гурток “Юны турыст”, для якога набыта спецыяльная амуніцыя (лыжы, адпаведны абутак, палаткі і інш.), а заняткі факультатыва “Рытміка” дзякуючы неабходнаму абсталяванню цяпер праходзяць больш эфектыўна.
У канцы лістапада адбылося падвядзенне вынікаў рэалізацыі праектнай ініцыятывы “Садружнасць інтарэсаў”. Гасцям, сярод якіх былі каардынатары праекта па Хойніцкаму раёну, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, аддзела адукацыі райвыканкама, былі прадэманстраваны фрагменты розных форм фізкультурна-аздараўленчай работы, спартыўнае і турыстычнае абсталяванне і інвентар і іх магчымасці.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё трэнажорнай залы, у якой адразу ж можна было праверыць работу трэнажораў. Затым прайшоў канцэрт з удзелам музычнага гуртка, адбылася прэзентацыя музычнага абсталявання. Удзельнікі праектнай ініцыятывы А. Крыўко, Н. Крыўко, В. Рудакова, А. Рудакова, А. Баглей за актыўнае супрацоўніцтва і вялікую дапамогу ў рэалізацыі праекта былі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі.



Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *