Адкладзеная перамога

Спорт

Імя Аксаны Жданавай добра вядома аматарам і спецыялістам барацьбы дзюдо не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці. На спартыўным рахунку навучэнкі дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі ўжо не адна перамога ў турнірах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў і трывалая рэпутацыя аднаго з фаварытаў любых спаборніцтваў, у якіх дзяўчыне выпадае выступаць.

А пачыналася ўсё яшчэ ў 2002 годзе, калі Аксана ўпершыню пераступіла парог трэніровачнай залы. Маляўнічае татамі, дзіўная японская тэрміналогія, імклівыя атакі і контратакі ўдзельнікаў паядынку – усё гэта зрабіла сваё ўражанне, і дзюдо стала справай, якой юная хайнічанка зараз аддае большасць свайго вольнага часу.

Адчуўшы, што гэта ўжо не проста дзіцячая забава, не сталі пярэчыць дачцэ і бацькі – Галіна Іванаўна і Віктар Сямёнавіч. Асабліва важнай была іх падтрымка, калі ў 2006 годзе ў фінальным паядынку аднаго з абласных турніраў Аксана атрымала цяжкую, нават для дарослай спартсменкі, траўму – пералом прамянёвай косці. Дзяўчыну шпіталізавалі, а потым была доўгая аперацыя, ужыўленая ў руку металічная спіца і бязлітасны прыгавор урачоў: аб спорце забыць назаўсёды.

Аднак прага спартыўнай барацьбы і ўпартае жаданне вярнуцца на татамі ўзялі сваё. Толькі сама Аксана, яе бацькі ды трэнер Алег Маратавіч Лук’яненка ведаюць, якім няпростым было гэтае вяртанне: дзяўчына гадзінамі распрацоўвала пашкоджаную руку і, церпячы боль, выконвала адно практыкаванне за другім. Паступова боль пачаў адступаць, вярнуліся ўсе выпрацаваныя дзюдаісцкія навыкі, пачалі прыходзіць і новыя перамогі. Паказальна, што на адным з першых сваіх турніраў пасля аднаўлення ад траўмы ў фінале Аксана перамагла тую ж саперніцу, у паядынку з якой атрымала злашчасны пералом. Такая вось атрымалася адкладзеная па часу перамога.

Прыгожая, стройная і сціплая дзяўчына, якая па знешняму выгляду нічым не адрозніваецца ад сваіх равесніц. Але пазнаёміўшыся з ёй бліжэй, разумееш, які характар, якая сіла волі крыюцца за гэтай сціпласцю і нават сарамлівасцю. Ва ўсім іншым Аксана такая ж, як і яе сяброўкі: любіць камп’ютэр, добрую музыку, лірычную паэзію Эдуарда Асадава.

А яшчэ ёсць у яе мара пасля заканчэння гімназіі паступіць у Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры, стаць трэнерам па барацьбе дзюдо і развіваць у хлопчыкаў і дзяўчынак усе тыя лепшыя чалавечыя якасці, якія выпрацоўвае гэты прыгожы, мужны і вельмі справядлівы від спорту.
Удачы табе, Аксана!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *