Прадукцыя лепшая,запатрабаваная

Гандаль і абслугоўванне

Для флагмана прамысловасці Хойнікшчыны – ПУП “Палескія сыры” – аб’яўленне ў нашай краіне цяперашняга года Годам якасці можна лічыць не навіной: тут на працягу ўсёй гісторыі прадпрыемства кожны дзень – дзень якасці. Гэта адзін з краевугольных камянёў, на які абапіраецца прадпрыемства ў сваім імкненні ўпэўнена працаваць і развівацца. Нельга ўявіць іншы падыход да якаснай складаючай, улічваючы той факт, што “Палескія сыры” – экспартна-арыентаванае прадпрыемства, якое паспяхова канкурыруе з вядомымі сусветнымі брэндамі. Гэтае прадпрыемства ўдастоена самых высокіх адзнак на самых прэстыжных рэспубліканскіх конкурсах. Толькі за прайшоўшы месяц на яго, вобразна кажучы, абрынулася лавіна ўзнагарод за якасныя паказчыкі выпускаемай прадукцыі.

Так,  у конкурсе “Лепшая прадукцыя года-2010”, які праходзіў ў сталіцы нашай Радзімы і быў арганізаваны пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага таварыства абароны спажыўцоў, Ганаровым Дыпломам пераможцы ўдастоены сыр “Манастырэцкі” 46% тлустасці, масла “Салодкасметанковае несалёнае ” 82,5% тлустасці з правам маркіроўкі “Лепшая прадукцыя года -2010”. Гонар за якасную перамогу ў яго вытворцаў шматразова павялічваецца, калі ўлічыць, што ў гэтым конкурсе было прадстаўлена 900 узораў прадукцыі з 70 прадпрыемстваў малочнай галіны краіны.

Яшчэ большую канкурэнцыю па якасных паказчыках давялося вытрымаць хайнічанам пры ўдзеле ў конкурсе-дэгустацыі “ГУСТ-2010”, бо ў гэтым прадстаўнічым спаборніцтве ўдзельнічалі 150 прадпрыемстваў рэспублікі, якія паставілі на дэгустацыю 1600 узораў прадукцыі. Але вырабам ПУП “Палескія сыры” і зноў не было роўных: Дыплома пераможцы ў намінацыі “Масла” ўдастоена масла “Салодкасметанковае” з масавай доляй тлушчу 82,5%, фасаванае ў батончыкі з палімерных матэрыялаў з правам маркіроўкі знак “ГУСТ”.

У скарбонцы ўзнагарод і яшчэ адна высокая ўзнагарода – Дыпломам з медалём у намінацыі “За невычарпальны творчы патэнцыял”  ПУП “Палескія сыры” ўзнагародзіла ААТ “Гомельмясамалпрам” да прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

– Думаю, што кожны працаўнік нашага прадпрыемства, – гаворыць дырэктар ПУП “Палескія сыры” Т.Д.  Грамовіч, – па праву адчувае сваю прычаснасць да дасягнутых якасных паказчыкаў. – Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсяму калектыву за гэта.

Дырэктар прадпрыемства адзначыла, што спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца,  выразна вымалёўваюцца добрыя перспектывы ў сыраробнай вытворчасці. Плануецца ўвядзенне ў другім паўгоддзі будучага года новай сырнай лініі, тэндэр на пастаўку якой выйграла польская фірма “Абрама”. Ажыццяўленне праекта прадаставіць магчымасць палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі, пашырыць асартымент і павялічыць аб’ёмы вытворчасці з 5 да 8 тон. Чакаюць прыемныя сюрпрызы і  аматараў хойніцкага масла – новы апарат для фасоўкі  дазволіць прапаноўваць яго пакупнікам меншай вагой – 200, 100 і 50 грамаў  у пачцы.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *