Прамысловасць раёна: ЗВЯЗАНЫЯ АДНОЙ МЭТАЙ


ПЛАНЫ НАЯВЕ
Кіраўніцтва  ДРУП “Хойніцкі завод гідраапаратуры” да канца 2010 года мела намер давесці аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі да 9 мільярдаў рублёў у супастаўных цэнах, а сярэднюю заработную плату па прадпрыемству – да 1 мільёна рублёў. І, як паведаміў яго дырэктар В.Я. Смальцар, няма сумненняў у тым, што намечанае будзе здзейснена.

Напрыклад, сярэдняя зарплата па заводу ў лістападзе склала 927,5 тыс. рублёў.
У многім паспрыяла гэтаму ўкараненне ў вытворчасць у 2010 годзе 9 новых відаў вырабаў для галоўнага канвеера Мінскага трактарнага завода. Такім чынам, наменклатура вырабаў хойніцкіх машынабудаўнікоў з 24 узрасла да 33.
Гэты працэс будзе працягвацца і надалей: зараз на заводзе асвойваюць выпуск рэдуктараў для энерганасычаных трактараў МТЗ, да вытворчасці якіх Хойніцкі завод гідраапаратуры прыступіць у пачатку будучага года.




СЫРАВІНА ДЛЯ ВЫРАБУ МЭБЛІ СТАЛА  ДЗЕШАВЕЙ


для патрэб Хойніцкага дрэваапрацоўчага камбіната. Справа ў тым, што ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” выдзеліў дрэваапрацоўшчыкам дзялянку на 320 кубаметраў драўніны ў Дубровіцкім лясніцтве. А Мазырскі райвыканкам, які з’яўляецца камунальным уласнікам ВА “Мазырмэбля”, у структуру якога ўваходзіць і наш дрэваапрацоўчы камбінат, выдзеліў хойніцкім мэбельшчыкам і спецыяльны лесаапрацоўчы трактар-маніпулятар.
Палітыку ўдзешаўлення драўнянай сыравіны прадпрыемства будзе працягваць і надалей. Камбінат ужо выйграў тэндэр на распрацоўку ў 2011 годзе двух лесаўчасткаў у Паселіцкім лясніцтве і аднаго ў тым жа Дубровіцкім. Паказальна, што кіраўніцтва камбіната пры гэтым дзейнічала ў адпаведнасці з прынцыпамі сучаснай маркетынгавай палітыкі: яно выбірала ўчасткі, па-першае, мінімальна аддаленыя ад уласнай вытворчай базы, а па-другое, засаджаныя пераважна сасной (асноўнага дрэва для выпуску мэблі з масіву) і маючыя добрыя пад’езды да іх.




РАЗЫХОДЗІЦЦА ЦЕПЛЫМ

брыкет вытворчасці Хойніцкага торфабрыкетнага завода: штодзённа прадпрыемства адгружае па 200-250 тон прадукцыі. Пры прагнозным заданні на 2010 год у 25 тысяч тон  ТБЗ па стану на пачатак другой дэкады снежня ўжо выпусціў 34248 тон торфабрыкету, з якіх спажыўцам рэалізавана 34076 тон. Такая станоўчая дынаміка выпуску і рэалізацыі ўласнай прадукцыі стала магчымай  дзякуючы мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей завода, якая прайшла ў бягучым годзе і дазволіла не толькі значна павысіць колькасць вырабленага торфабрыкету, але і на парадак палепшыць яго якасць.
Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца Рэчыцкая міні-ТЭЦ, Беларускі цэментны завод у Касцюковічах і раённыя філіялы КУП “Гомельаблпаліва”. Аднак адной з галоўных задач торфабрыкетнага завода па-ранейшаму з’яўляецца забеспячэнне патрэб насельніцтва, і з заданнем гэтым завадчане паспяхова спраўляюцца.




ПРОБНЫ ВЫПУСК ДЗВЯРЭЙ

у мінулым месяцы ажыццявілі работнікі Хойніцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў. І ўжо зараз тут можна заказаць любыя ўваходныя ў кватэру і міжпакаёвыя дзверы з драўніны: адна- і дзвюхстворкавыя, прамыя і аркападобныя. Па жаданню заказчыка іх пафарбуюць у любы выбраны ім колер. Не павінна бянтэжыць насельніцтва і адпускная цана на гэтыя вырабы. Напрыклад, уваходныя дзверы будуць каштаваць заказчыку 400 тысяч рублёў, а міжпакаёвыя – 300 тысяч рублёў, што значна ніжэй, чым у іншых прыватных і прамысловых вытворцаў. Важна і тое, што ўся прадукцыя вырабляецца толькі з экалагічна чыстай сыравіны – натуральнай драўніны.
Акрамя гэтага, на фабрыцы можна заказаць аконныя і балконныя рамы, драўляныя шклопакеты. Праўда, у апошнім выпадку шкло для іх заказчык набывае сам.
У першай дэкадзе снежня гэту паслугу выкарысталі 8 прыватных  заказчыкаў.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *