Малады юбілей ветэранскай арганізацыі

Культура Рэха падзеі

Палілася песня «…пайду я ў садочак, сарву я лісточак». Ды як загучала! Спачатку нясмелы адзін голас без музыкі. Затым два, тры, чатыры… Ва ўсю моц разліліся галасы са сцэны раённага Дома культуры. Ды так запаланілі залу ў цішы, што да дрыжыкаў пранялі, здаецца, прайшлі наскрозь свядомасць сабраўшыхся з нагоды святкавання 30-годдзя стварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Адкрыў урачыстае мерапрыемства мясцовы народны ансамбль «Спадчына» пад кіраўніцтвам Л.У. Краўчанка.
Якія ўмелыя, таленавітыя нашы хайнічане з вялікім жыццёвым і працоўным вопытам! Разам яны, як скарбонка ўсяго карыснага, любую параду дадуць, справядліва рассудзяць. Аб гэтым гаварыў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Віктар Сцяпанавіч Васькевіч.
Узгадваючы гісторыю стварэння арганізацыі, ён паведаміў, што ў канцы 1986 года была створана Усесаюзная арганізацыя ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў. Яе ўзначаліў вядомы палітычны і дзяржаўны дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы Кірыл Трафімавіч Мазураў. А рэспубліканскай кіраваў Анатолій Яўгеньевіч Андрэеў, былы міністр транспарту, Герой Сацыялістычнай Працы.
З 14 сакавіка 1987 года вядзе адлік сваёй біяграфіі абласная арганізацыя. На працягу першых чатырох гадоў ёю кіраваў Герой Савецкага Саюза Рыгор Кірылавіч Дзенісенка, з 1991 па 1999 гады – падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Арцем’евіч Качан, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё ветэранскага руху вобласці і рэспублікі. Наша ветэранская арганізацыя была створана ў сакавіку 1987 года.
На сёння ветэранская арганізацыя з’яўляецца самым масавым грамадскім аб’яднаннем, сабраўшым пад сваё крыло толькі ў Гомельскай вобласці больш за 370 тысяч чалавек, у тым ліку ў нашым раёне больш за 6 тысяч ветэранаў. На Хойнікшчыне створаны і працуюць 30 пярвічных ветэранскіх арганізацый, яны аб’ядноўваюць трэцюю частку насельніцтва раёна, большасць з якіх (5958) – ветэраны працы. Самыя актыўныя пярвічкі ў лясгасе, на Палескім вытворчым участку ААТ «Мілкавіта», галінах адукацыі, культуры, запаведніку, РАУС, аддзяленні «Беларусбанка», КСУП «Велікаборскі» і інш. Яны здольныя адстойваць рашэнне праблем сацыяльнага плана і сваім прыкладам, цікавымі пераканальнымі гутаркамі, успамінамі даваць добрую ўстаноўку моладзі на працу, культурны адпачынак, добрыя ўчынкі.
Яны ж і рукі залатыя маюць. Дарэчы, Мікалай Мікітавіч Цыганкоў цудоўна вышывае. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён ніткай з іголкай малюе ўжо 35-ю карціну. Адну з іх – з прыгажуняй тройкай коней, запрэжаных у сані, дарэчы, ужо дзесятую, падарыў раённаму краязнаўчаму музею. Таксама яго работа маецца ў Віцьеўскай школе, якую некалі заканчваў як Гноеўскую.
Многія члены ветэранскай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні розных дабрачынных акцый, такіх як «Клопат», «Ветэран жыве побач», «Пасадзі дрэва», конкурсе па добраўпарадкаванню «Лепшае ветэранскае падвор’е» і інш. Словам, яны занятыя карыснымі для грамадства справамі і іншых настройваюць на такі лад жыцця.
Пра гэтыя справы ў рамках 30-годдзя мы зробім спецыяльную падборку мінулых гадоў, сачыце за друкам.
Як і на любым свяце, і на гэтым прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Н.М. Малаш, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Л.А. Гаркуша і інш. Кранальныя словы гучалі ў час іх віншаванняў, такія, што растопяць любое сэрца. Яны ўручалі лепшым узнагароды, каштоўныя падарункі, дакументальныя фільмы аб раёне і да 70-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Парадавалі іх ад душы артысты мастацкай самадзейнасці.
Гонар і пашана нашым паважаным ветэранам. З 30-годдзем ветэранскай арганізацыі!

Віншуем з узнагародай за шматгадовую працу, актыўны ўдзел у развіцці ветэранскага руху, грамадскім жыцці раёна, патрыятычным выхаванні моладзі!
Ганаровай граматай Гомельскага абласнога савета ветэранаў узнагароджана КЛІМОВІЧ Надзежда Уладзіміраўна, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі цэнтра банкаўскіх паслуг № 326 «Беларусбанка».
Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджана раённая ветэранская арганізацыя ў асобе яе старшыні В.С. Васькевіча.
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана КІРЭЙЧЫК Валянціна Аляксееўна.
Падзяка райвыканкама аб’яўлена ЦЫГАНКОВУ Мікалаю Мікітавічу.
Ганаровай граматай раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў узнагароджана ЯКУНІНА Ала Фёдараўна, настаўнік Велікаборскай СШ.
Прывітальны адрас райкама БРСМ уручаны старшыні раённай ветэранскай арганізацыі ВАСЬКЕВІЧУ Віктару Сцяпанавічу.

Ірына ЛУКАШЭНКА.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *