На шляху абнаўлення


 У час аднаго з нядаўніх наведванняў Брэсцкай вобласці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка пабываў у Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Кіраўнік дзяржавы быў прыемна ўражаны капітальна адрамантаванымі, зіхацячымі свежымі фарбамі карпусамі, аснашчанымі па апошняму слову медыцынскай тэхнікі кабінетамі, лабараторыямі, палатамі і пакоямі. Пагэтаму лагічнай выглядае задача, пастаўленая ім перад мясцовымі ўладамі і кіраўнікамі медыцынскай сферы: дабіцца таго, каб ужо ў 2012 годзе такой жа была кожная раённая бальніца.

Хойніцкая ЦРБ пакуль што не можа пахваліцца падобным івацэвіцкім мадэрнам, аднак, думаецца, што гэта справа часу. Ужо ў бягучым годзе, апошнія дні якога адлічвае каляндар, тут пачалася маштабная рэканструкцыя. На першым яе этапе генпадрадчыкі, будаўнікі ААТ “Мазырпрамбуд”, прыступілі да рамонтных работ на першым пускавым комплексе ЦРБ – будынку хірургічнага аддзялення. Такі прыярытэт невыпадковы, бо ўзведзена яно было яшчэ ў далёкім 1969 годзе і такіх маштабных рамонтна-будаўнічых работ з таго часу на ім не праводзілася. Акрамя таго, тут размешчаны ўсе службы аказання экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Па стану на 1 снежня мазырскімі будаўнікамі поўнасцю заменены мяккі дах, часткова заменены аконныя блокі, гэтак жа часткова ўцеплены, атынкаваны і пафарбаваны сцены. Усяго выканана работ на суму 581 мільён рублёў.
У 2011 годзе рамонтна-будаўнічыя работы на хірургічным корпусе будуць праводзіцца ўнутры будынка. Гэта – замена камунікацыйных сістэм, унутраная аддзелка, мантаж новага тэхналагічнага абсталявання.

Ужо зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт яшчэ аднаго будынка-ветэрана – корпуса інфекцыйнага аддзялення, які таксама быў уведзены ў эксплуатацыю ў канцы 60-х гадоў. Тут будуць выкананы работы па замене даху, уцяпленню сцен, замене аконных і дзвярных блокаў, унутраныя рамонтныя работы і мантаж тэхналагічнага медыцынскага абсталявання. Мяркуецца, што пачацца яны павінны ў наступным, 2011 годзе.




Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *