Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ішла вайна народная


(Працяг. Пачатак у № 26 “ЛС”)


Да лета 1943 года партызанскі рух настолькі расшырыўся і ўмацаваўся, што Цэнтральны штаб партызанскага руху паставіў новыя маштабныя задачы. Народныя мсціўцы атрадаў імя Суворава і імя Чапаева аказвалі вялікую дапамогу партызанам Украіны і Расіі. На тэрыторыі раёна з лістапада 1942 года па ліпень 1943-га ў розны час знаходзіліся злучэнні С.А. Каўпака, А.Н. Сабурава, якія сумеснымі дзеяннямі з нашымі партызанскімі атрадамі наступалі на Хойнікі і Брагін, дзе знаходзіўся буйны нямецка-паліцэйскі гарнізон. Браты па зброі, украінскія і рускія партызаны атрымлівалі прадукты, праваднікоў, даныя разведкі.  Хайнічане папаўнялі рады партызан Расіі і Украіны.

Савецкія патрыёты і пакінутыя рашэннем бюро РК КПБ сувязныя ў раёне ст. Аўрамаўская Тамара Васільеўна Шапавалава са сваёй сям’ёй, Аляксандр Бяспалы, Станіслаў Іосіфавіч Ракіта, Наталля Васільеўна Шапавалава, Наталля Давыдаўна Кузьменка, Мікалай Сямёнавіч Меркуш, Васілій Пішчалаў у любую пару года, у любое надвор’е, рызыкуючы жыццём, устанаўлівалі сувязі з партызанамі і насельніцтвам, здзяйснялі дыверсійныя акты, здабывалі зброю.



Уся падпольная работа ў раёне праводзілася тады пад агульным кіраўніцтвам Палескага падпольнага абкома партыі і яго першага сакратара І. Ветрава і Хойніцкага падпольнага райкома партыі ў складзе Ф.Г. Рудчанкі, К.Т. Сацуры і В.Г. Карася. Адчуваючы паўсядзённую падтрымку, партызаны, сувязныя, разведчыкі шмат зрабілі па разлажэнню варожых гарнізонаў у г. Хойнікі, ст. Аўрамаўскай, в. Ізбынь.



У чэрвені 1943 года на станцыю Аўрамаўская фашысты прывезлі 136 прымусова мабілізаваных югаслаўскіх жыхароў: сербаў, харватаў для выканання самых цяжкіх работ. Уздоўж чыгункі “Аўрамаўская-Хойнікі” яны былі размешчаны ў хлявах і канюшнях. Знаходзіліся пад нямецкай аховай і жылі на становішчы палонных. Хадзілі абарваныя, галодныя. Сербы выразалі лес ад чыгункі, каб не было падыходу партызанам да палатна, цягалі бярвенне, рэйкі. За іх спінамі пастаянна былі ўзброеныя немцы. За самую малую правіннасць білі гумавымі палкамі,  расстрэльвалі.

Ад нашых сувязных Т.В. Шапавалавай, С.І. Ракіты, М.С. Меркуша, Н.Д. Кузьменка, якія жылі на станцыі Аўрамаўскай, я даведаўся аб настроі югаславаў. Яны мелі зносіны з насельніцтвам, расказвалі аб сваім цяжкім становішчы, аб тым, што іх чакае.

У размове з сувязнымі мы прыйшлі да адзінага меркавання, што югаславы шукаюць дапамогі. Не маглі заставацца абыякавымі да іх лёсу. Параіўшыся з камандзірам атрада, я даў заданне сувязной Шапавалавай праз партызан А. Бяспалага, М. Харошка бліжэй пазнаёміцца з югаславамі, падабраць сярод іх надзейных. Даведаліся, што сярод іх ёсць людзі розных прафесій, у тым ліку і ўрач Барабаш. Ен быў пераведзены ўжо з хлява ў кватэру, а астатніх югаславаў пасялілі ў памяшканні клуба.

Якраз у гэты час захварэла сувязная Шапавалава і звярнулася да Барабаша. Неаднаразова наведваючы яго, каб зрабіць перавязку, Тамара Васільеўна і яе муж многае даведаліся аб урачу і яго таварышах, аб іх адносінах да савецкіх людзей, Чырвонай Арміі, партызан. Кантакт быў устаноўлены.


(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *