Нагадала старая фатаграфія: провады ў армію

Наши проекты

Армейская служба, абарона сваёй Радзімы лічыцца самым ганаровым мужчынскім абавязкам. І справа тут не толькі ў афіцыйнай прапагандзе, але і ў самім гістарычным сэнсе існавання кожнага этнасу, кожнай краіны: хто як не мужчыны павінны абараняць свае сем’і, сваю зямлю і сваю ж свабоду ад замахаў чужынцаў? А таму спрадвеку провады юнакоў на службу ў войска лічыліся справай вельмі ганаровай і ўрачыстай і атрымалі добрую традыцыю адзначаць усёй, як казалі раней, грамадой. Так было і ў часы нашай маладосці – 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. На гэтым здымку – адна з такіх значных для кожнага мужчынскага лёсу раней падзей.
На іх абавязкова наладжвалася багатае і ўрачыстае застолле, якое па размаху часта параўноўвалася з вяселлем. Адзначалася яно альбо прама пад адкрытым небам (у летні час) каля дома, альбо ў спецыяльна нацягнутых брызентавых шатрах (пераважна, восенню і вясной), а зімою – у пакоях дома прызыўніка. Запрашаліся на ўрачыстасць не толькі родныя і блізкія для прызыўніка людзі, але і былыя франтавікі, усе сябры і суседзі, аднакласнікі. Існаваў і шэраг абавязковых для выканання традыцый і абрадаў.
Так, у самым пачатку вечара, абавязкова прадастаўлялася слова ветэранам вайны для наказу будучаму воіну, потым слова з пажаданнямі бралі яго бацькі, сябры, яго дзяўчына. Са словам у адказ выступаў і сам будучы прызыўнік. А ў меню застолля ў некаторых вёсках уключалі кашу, якую падавалі на стол у армейскіх кацялках, каб сімвалічна раздзяліць з будучым воінам нялёгкі «салдацкі хлеб».
Мерапрыемства гэтае патрабавала немалых затрат ад сям’і прызыўніка і для таго, каб хоць неяк апраўдаць іх, існаваў такі абрад, як збор грошай «салдаціку на папяросы». Прызначаны чалавек абходзіў усіх гасцей з прыгожым падносам у руках, а яны клалі туды свае грашовыя ахвяраванні.
Калі ўся працэсія канчаткова ўрачыста накіроўвалася ў райваенкамат, прызыўнік павінен быў выйсці апошнім і асабіста зачыніць на замок свой дом або кватэру. А ўсю дарогу да гэтай установы трымаць у руках белую насоўку. Таксама ў некаторых мясцінах будучы салдат перад выхадам павінен быў адкусіць свежы бохан хлеба, які потым засушвалі і захоўвалі да яго вяртання. Амаль усе маці і бабулі дарылі прызыўнікам асвечаныя крыжыкі, іконкі і іншыя абярэгі.
Прызыўнікі ж з сельскіх населеных пунктаў і ўсе іх праважаючыя ў райваенкамат накіроўваліся на грузавых аўтамабілях (аўтобусы ў калгасах і саўгасах тады былі далёка не паўсюдна) з павышанымі бартамі, упрыгожанымі маладымі зялёнымі галінкамі бярозы. Вось па гэтых галінках ды яшчэ па гуках гармоніка і песнях, якія ліліся прама з кузава, можна было беспамылкова вызначыць: гэтая працэсія і гэтая машына – з провадаў у армію. Адным словам, мерапрыемства наладжвалася так, што помнілася потым усё жыццё.

Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *