Заканамерны вынік


19 снежня хайнічане прагаласавалі за рост дабрабыту, спакой і парадак у краіне. Вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у нашым раёне пракаменціравала старшыня раённай выбарчай камісіі Л.Ф. Кулакоўская.

Актыўнасць выбаршчыкаў нашага раёна (яўка была вышэй за 95%) – гэта паказчык таго, што выбарчая кампанія ў нашай краіне падзея важная.  На большасці сельскіх участкаў яўка склала 100%, вяскоўцы вельмі адказна аднесліся да выканання свайго грамадзянскага абавязку. Абсалютная колькасць выбаршчыкаў падтрымала дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У нашым раёне былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для міжнароднага назіральніцтва за выбарамі, што сведчыць аб дэмакратычнасці і празрыстасці выбарчага працэсу. За ходам выбараў  сачылі 11 назіральнікаў, з іх два былі акрэдытаваны ад місіі АБСЕ і адзін – ад СНД. Яны ў поўнай меры скарысталіся правам бесперашкоднага доступу на выбарчыя ўчасткі і свабодных зносін з удзельнікамі выбарчага працэса. Два дні назіралі за ходам выбараў на Новабудаўнічым участку № 4. У дзень выбараў, 19 снежня, яны наведалі выбарчыя ўчасткі, на кожным з іх галасаванне пачалося своечасова, праходзіла ў спакойнай абстаноўцы ў прысутнасці назіральнікаў. Дарэчы, прадстаўнікі місіі АБСЕ прысутнічалі пры падліку галасоў на Вакзальным участку № 2, а таксама раённай выбарчай камісіяй і адзначалі, што гэтая працэдура праходзіла ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, была дастаткова адкрытая.

За час правядзення мерапрыемстваў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь правапарушэнняў на выбарчых участках дапушчана не было. Увогуле, у горадзе і вёсках раёна крымінагенная сітуацыя была спакойнай. Але тое, што ў нядзелю, 19 снежня, тварылася ў горадзе Мінску, проста абуральна! Мітынг на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, спроба заняць Дом урада – гэта парушэнне Канстытуцыі, парушэнне ўсіх парадкаў, існуючых у нашай краіне. І самае крыўднае, што сярод мітынгуючых былі ўцягнутыя ў гэтую акцыю падлеткі. Такія дзеянні не прымальныя для прыстойных людзей.

Выбары рознага кшталту традыцыйна лічацца святам. Арганізатары стараліся зрабіць усё неабходнае, каб на Хойнікшчыне галоўная падзея краіны стала менавіта ім. Аддаўшы свае галасы ў падтрымку таго або іншага кандыдата ў прэзідэнты, выбаршчыкі не спяшаліся ісці з выбарчых участкаў. Кагосьці захапілі выступленні звонкагалосых  удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, нехта не ўпусціў магчымасці адведаць ласункаў, выстаўленых на дэгустацыю  ПУП “Палескія сыры”, купіць прадуктаў, прадастаўленых раённым спажывецкім таварыствам. Людзі маглі атрымаць кансультацыю медыкаў, паназіраць за майстрам-класам цырульніка, паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, паглядзець выстаўкі малюнкаў і фотаработ, набыць бяспройгрышную латэрэю, падпісацца на перыядычныя выданні, стаць актыўнымі ўдзельнікамі акцый, арганізаваных РК “Белая Русь” і РК ГА “БРСМ”.

Як і заўсёды, у час правядзення і датэрміновага, і асноўнага галасавання на вышыні была работа ўчастковых выбарчых  камісій. У пераважнай большасці члены гэтых камісій – людзі вопытныя. Але былі і навічкі, якія з разуменнем і адказнасцю аднесліся да важнай справы, за што вельмі ўсім удзячна. У гэтым сэнсе хачу адзначыць старшыню  ўчастковай выбарчай камісіі Карчоўскага ўчастка № 22  А.А. Маліноўскага і сакратара Т.М. Турчанок, якія многае зрабілі для таго, каб вяскоўцы мелі ад выбараў добрыя ўражанні. У прыватнасці, упершыню арганізавалі на ўчастку выязны гандаль, выстаўкі.

Выбарчая кампанія завяршылася. Яна, як вядома, была беспрэцэдэнтнай і па колькасці кандыдатаў у прэзідэнты, і па ліку міжнародных назіральнікаў. Але ўсё ж галоўнае – гэта рашэнне самога народа, які самастойна вызначае шлях развіцця сваёй краіны.




     Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *