У рамках месячніка па навядзенню парадку на зямлі

Добраўпарадкаванне

Садзілі дрэвы
«Пасадзім дрэва разам» – акцыю пад такой назвай правялі на тэрыторыі Барысаўшчанскага сельсавета ў мінулую суботу.
Загадзя размясцілі аб’яву, запрасілі жыхароў унесці ўклад у стварэнне новага скверу. Прыемна, што адгукнуліся не толькі мясцовыя жыхары, якія і саджанцы прынеслі, і дапамагалі з дзецьмі ў іх пасадцы, але і работнікі арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
Паўдзельнічалі з энтузіязмам у акцыі і дэпутаты. Як заўсёды, прыклад у справе добраўпарадкавання паказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар.
Вішанькі, яблынькі, слівы і іншыя пладовыя дрэвы, а таксама бярозкі і бэз – вось аснова будучага скверу каля дзіцячага саду.

Вольга БЕЛАШ.
Фота Вікторыі МАРОЗ.

Акультурвалі тэрыторыі
У мінулую суботу калектывы гарадскіх арганізацый выйшлі на замацаваныя тэрыторыі.
У адзіны санітарны дзень, чацвер, работнікі прыбіраюць каля будынкаў сваіх арганізацый, таму цэнтральныя вуліцы, выглядаюць дастойна. Але яшчэ нямала ў нас мясцін, якія патрабуюць грунтоўнага пераўтварэння. Размова ідзе пра такія куточкі, дзе зямля літаральна нябачна з-за высокага лазняку, дзе-нідзе сустракаюцца і стыхійныя смеццязвалкі.
У суботу калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама ўбіраў адзін з такіх сметнікаў па вул. Настольскай райцэнтра. Традыцыйным месцам для веснавой уборкі з’яўляецца яблыневы сад па вул. Калгаснай горада, дзе высякаюць кустоўе. На вул. Малішаўскай прыбіралі галлё калектывы ваенкамата і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Кіпела работа па добраўпарадкаванню і на цэнтральнай вуліцы Калесніка мікрараёна «Юбілейны»: прадстаўнікі райспажыўтаварыства бялілі агароджу, а калектыў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама высякаў зараснікі ў сектары прыватных домаўладанняў. Дарэчы, побач з ім, як і на Настольскай, акрамя ліквідацыі балотнага чароту, давялося культработнікам і смецце выносіць.
Кампанія па добраўпарадкаванню працягваецца. Заклікаем усіх да актыўнага ўдзелу ў справе навядзення парадку на нашай зямлі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара

Устанавілі малыя архітэктурныя формы
Судкоўскі сельсавет упрыгожаны новымі архітэктурнымі формамі. Сімпатычныя доктары Айбаліты з’явіліся каля ФАПаў у Казялужжы і Дворышчах, а таксама каля амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Судкове. Побач з Казялужскай школай з’явіліся млын і парачка журавоў, з Судкоўскай – вялізны будзільнік з шын і вялікія рознакаляровыя алоўкі. Па вул. Міру ў Казялужжах – міні-аўтамабіль.
Усе гэтыя малыя архітэктурныя формы зроблены сіламі і за кошт жыхароў і работнікаў арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

Тэкст і фота Вольгі БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *