Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Гонар і слава сям’і


Хачу падзяліцца ўспамінамі аб сваіх старэйшых братах, на долю якіх выпала вайна, якая адабрала ў іх юнацтва.

Старэйшы брат, Міхаіл Давыдавіч Лягун, 1918 года нараджэння, быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1938 годзе. Гэта слава і гонар нашай сям’і. Міхаіл прайшоў праз горан ваенных выпрабаванняў з белафінамі ў 1939 годзе, замярзаў у снягах Фінляндыі, браў лінію Мінергейма, быў цяжка кантужаны. Дэмабілізаваны ў 1940 годзе. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны М.Д. Лягун – баец дзеючай Чырвонай Арміі. За гады службы ён стаў афіцэрам, старшым лейтэнантам. У 1942 годзе быў камандзірам 3-га асобнага стралковага батальёна    332-й стралковай дывізіі 4-й Ударнай арміі Калінінскага фронту. Дывізія вяла абарончыя і наступальныя баі ў раёне горада Веліж Смаленскай вобласці.

За гады вайны ён даслаў толькі адно пісьмо дамоў: “…б’ём фашыстаў, перамога будзе за намі”. З ваенных архіваў вядома, што 18 жніўня 1942 года старшы лейтэнант Міхаіл Давыдавіч Лягун загінуў у баях з ворагам у раёне горада Веліж.

Другі мой брат, Васілій Давыдавіч, 1923 года нараджэння, да вайны закончыў 9 класаў Бабчынскай СШ і курсы настаўнікаў пачатковых класаў. Працаваў некаторы час у вёсках Пагоннае і Аравічы настаўнікам. У час вайны ён становіцца байцом партызанскага атрада імя Карася. У няроўным баі з фашыстамі ў раёне ўрочышча “Майдан” быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У пасляваенны час працаваў у гаспадарчых і савецкіх органах.

Хочацца свае ўспаміны аб братах закончыць радкамі з твора мастацкай літаратуры – верша народнага паэта Беларусі А. Куляшова “Над брацкай магілай”, дзе паэт услаўляе мужнасць, еднасць воінаў-франтавікоў Расіі і Беларусі:


Ёсць пад Стараю Русаю руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі, і вербы растуць, і рабіны.
Там жаўцеюць краскі за вёскай у лузе,
Там ржавеюць варожыя каскі, нібы ў Беларусі.


П. ЛЯГУН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *