У Новы год – з заслугамі

Рэха падзеі

Таленавітыя, ініцыятыўныя

Дзмітрый Шаціла
, пяцікласнік СШ № 3 г. Хойнікі,  вучыцца выдатна па ўсіх школьных прадметах. Але кола яго інтарэсаў не абмяжоўваецца толькі вучобай, хлопчык паспяхова выпрацоўвае, нягледзячы на зусім юны ўзрост, актыўную грамадскую пазіцыю. Прымае дзейсны ўдзел не толькі ў мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе, але і паспеў заявіць аб сабе на рознаўзроўневых конкурсах.

Дзмітрый неаднаразова займаў першыя месцы ў міжнародным конкурсе “Журавлик” па рускай мове. Ен з ахвотай займаецца ў школьным навуковым таварыстве “Крок у будучае”, яго даследчая праца “Як утварылася зямля” высока ацэнена ў педкалектыве. Таксама як і ўдзел у конкурсе відэафільмаў у намінацыі “Хачу ўсё ведаць”.

Дзмітрыю Шаціла выпаў сёлета вялікі гонар – быць удзельнікам навагодняга дабрачыннага свята ў Гомельскім цырку, на якое запрашаліся вучні, якія найбольш праявілі сябе ў вучобе і ў грамадскім жыцці, а таксама выхаванцы дамоў-інтэрнатаў і дзеці з мнагадзетных сем’яў. Такога гонару былі ўдастоены 1400 хлопчыкаў і дзяўчынак, дзесяці лепшым з іх губернатар вобласці А.С. Якабсон уручыў падарунак – мяккую цацку, сімвал 2011 года. У ліку ўладальнікаў гэтага памятнага падарунка і Дзмітрый Шаціла.



Вучаніца другога класа гімназіі Ксенія  Кудака заняла першае месца ў  абласным конкурсе “Святловяртаючыя элементы выратоўваюць жыццё”. Яе работа прызнана лепшай сярод малюнкаў ва ўзроставай групе 6-9 гадоў. Сваёй працай дзяўчынка паказала асабістае бачанне важнасці бяспекі на дарогах.

Узнагароджванне адбывалася ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Акрамя Дыплома,  які ёй ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў начальнік ДАІ Гомельскага аблвыканкама І.А. Макушэнка,  Ксенія прывезла дамоў падарункі ад абласных аддзяленняў “Беларускага фонду міру” і “Беларускага  таварыства Чырвонага Крыжа”.

Па праву раздзяляе поспех сваёй выхаванкі настаўніца чарчэння і малявання гімназіі В.М. Раманенка.




Таленавітая, цікаўная, закаханая ў свет творчасці дзяўчына з нязгасным бляскам у вачах і чароўнай усмешкай. Яе ініцыятыўнасць, узнёсласць, мэтанакіраванасць б’юць ключом, яна вядзе актыўны лад жыцця, імкнецца сваімі справамі быць карыснай роднай Хойнікшчыне. Таццяна Цімошчанка, вучаніца 6 “А” класа гімназіі г. Хойнікі, якая займаецца ў ДШМ на мастацкім аддзяленні, стала пераможцай абласнога конкурсу малюнкаў “Палессе: людзі і час”. Дзяўчынка – лаўрэат прэміі абласнога выканаўчага камітэта па сацыяльнай падтрымцы адораных дзяцей. Сёлета гімназістка трапіла ў лік 50-ці навучэнцаў сярэдніх школ, каледжаў, гімназій, якія дабіліся высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. 15 снежня ў абласным грамадска-культурным цэнтры грашовую ўзнагароду ў памеры 350 тыс. рублёў з пасведчаннем і букетам кветак Таццяне ўручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама А.С. Якабсон. Імёны 50 лаўрэатаў занесены ў кнігу-летапіс “Юныя таленты Гомельшчыны”.  

У рамках агульнарэспублі канскай акцыі вучнёўскай моладзі “Жыву ў Беларусі і гэтым ганаруся” праводзіўся конкурс фотаздымкаў  “Красуй, Беларусь!”  У гэтым значным мерапрыемстве прынялі ўдзел і вучні агульнаадукацыйных школ нашага раёна.

Многа фантазіі пры выбары ракурсу конкурснай работы, распрацоўкі яе тэматыкі праявіла вучаніца першай гарадской сярэдняй школы Марыя Яраш. Свой фотаздымак яна назвала “Адзінокі пастух”. Членаў журы абласнога этапа конкурсу прыемна ўразіла кампазіцыя фотаздымка, на якім пасвіцца статак коней, а на краю луга паважна застыў бусел – сапраўдны ахоўнік табуна. І як заканамерны вынік, вучаніца заняла другое месца і ўзнагароджана адпаведным Дыпломам у намінацыі конкурсу “Браты нашы меншыя”. У гэтай жа намінацыі трэцяе месца заняў  вучань гімназіі г. Хойнікі Ягор Пракошын за фотаздымак “Сім-Сім, адкрыйся!” Аб’ектывам фотаапарата гімназіст зафіксаваў момант, калі сабачка заглядвае ў акно дома, быццам просіць гаспадароў адкрыць дзверы ў жытло.

Работамі М. Яраш і Я. Пракошына маглі палюбавацца не толькі равеснікі, але і педагогі, якія прымалі ўдзел у  прафесійных мерапрыемствах раённага маштабу.

Як прызналіся самі лаўрэаты, яны не плануюць звязаць сваё будучае самастойнае жыццё з фатаграфіяй, але заняткі ёй з’яўляюцца для абодвух школьнікаў своеасаблівым хобі. Яны імкнуцца спыніць  на сваіх работах цудоўныя імгненні нашага паўсядзённага жыцця, багатыя на падзеі, прыгажосці навакольнага асяроддзя, ім ахвотна пазіруюць аднакласнікі і сябры, родныя і блізкія. А высокая ацэнка іх фотаздымкаў на такім прэстыжным конкурсе надасць новы імпульс творчасці.



Яркай зорачкай на творчым небасхіле гімназіі ўзыходзіць сямікласніца Яўгенія Ходас. Яна заняла другое месца ў інфармацыйным праекце “Юныя журналісты Беларусі аб Саюзнай дзяржаве” ў намінацыі “У будучае – разам!” за твор “Пісьмо сябру” ў стылі фэнтэзі, змешчаным на старонках газеты “Переходный возраст”. Гэтая газета рэалізоўвала міжнародны праект на тэрыторыі Беларусі, а ў Расіі – выданне “Свет дзяцей і падлеткаў”.
Дыплом адпаведнай вартасці Яўгеніі ўручыў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы П.П. Барадзін. Цырымонія ўзнагароджвання праходзіла ў горадзе Мінску, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, куды юная лаўрэатка выязджала з кіраўніком сваёй конкурснай работы  настаўніцай рускай мовы і літаратуры Святланай Анатольеўнай Васільевай.
Таксама юны карэспандэнт Яўгенія Ходас заняла трэцяе месца за абарону сваёй работы “Жыў-быў сабачка…”,  Дыплом за гэта яна атрымала з рук намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В. Якжыка.
На мерапрыемстве адзначалася важнасць інтэграцыі і сумеснай працы на медыйнай прасторы. Інфармаваць сваіх чытачоў аб тым, што адбываецца ў адносінах дзвюх краін, што карыснага робіцца для грамадзян – таксама задача для пачынаючых журналістаў, якім з’яўляецца і Яўгенія Ходас, самы актыўны аўтар насценнай газеты “Гімназіст”.
А яшчэ паездка ў Мінск з нагоды такой прыемнай падзеі запомніцца для вучаніцы і настаўніцы вельмі прыемнымі ўражаннямі ад наведвання кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе праходзілі здымкі навагодняга агеньчыка, дзяржаўнага музея мастацкай творчасці, Інстытута журналістыкі БДУ, дзе канкурсантаў пазнаёмілі з умовамі паступлення ў гэту ВНУ, ад сустрэч з беларускімі пісьменнікамі  А. Зэкавым і М. Маляўка, журналістамі газеты “Переходный возраст”.
Дарэчы, Яўгенія запрошана да ўдзелу ў другім туры конкурсу праекта Саюзнай дзяржавы, які адбудзецца ў сакавіку 2011 года, і ў яе ёсць шанц пераважнага права паступлення ў Інстытут журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *