Навагодні юбілей


Люблю, шаную, паважаю

Нярэдка ў штодзённай мітусні, у клопатах мы забываем пазваніць сваім бацькам, сказаць ім добрае слова, якое яны вельмі чакаюць. І нават калі часта іх наведваеш, не заўсёды выдаецца магчымасць сказаць ім, як любім іх і шануем. Хачу скарыстацца выпадкам – 1 студзеня 2011 года мой тата Віктар Акімавіч Разуменка адзначыць 80-гадовы юбілей з дня нараджэння – і магчымасцю сказаць ва ўвесь голас, як яго люблю, ім ганаруся і даражу.

Мой тата – Гаспадар. Мы, яго дзеці, пішам гэтае слова з вялікай літары. Таксама з вялікай літары пішам аб ім як Працаўніку. Гэта ж толькі ўдумацца – 60 гадоў свайго жыцця прысвяціў ён нялёгкай механізатарскай справе!
А пачынаў яе ў далёкія пасляваенныя гады ў калгасе імя ХХІ з’езда КПСС прычэпшчыкам на гусенічным трактары ў 14-гадовым узросце. Гэта ўжо пазней, калі ўтварылася Рудакоўская МТС, ён атрымаў там пасведчанне механізатара. На той час тата заставаўся адзіным кармільцам у сям’і, бо яго бацька, Акім  Якаўлевіч, загінуў на фронце, а на руках маці, Варвары Гаўрылаўны, засталіся два сыны і дачка, з якіх тата быў старэйшым .

З першых крокаў самастойнага жыцця пачыналася яго ўзыходжанне на працоўны алімп. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга тата быў узнагароджаны ў 1975 годзе, а ў 1984-м у яго асабістую скарбонку заслуг за самаадданую працу дадаўся ордэн Дружбы народаў. Тата расказваў, што прадстаўлялі яго на ордэн Леніна, але там, “наверсе”, па словах парторга гаспадаркі, вырашылі, што адукацыі не хапае – усяго чатыры класы закончыў. Але і гэтым ордэнам  ганарыцца, як і медалямі “За працоўныя заслугі”, “За працоўную адзнаку”, медалямі з выставак дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і БССР. А Ганаровых грамат проста не злічыць.

Але гэта не была гонка за лідэрствам. З года ў год тата спасцігаў і засвойваў тое, што ўмелі рабіць усе, пакуль не набыў вялікі прафесійны вопыт. Калі ўзнікала неабходнасць, мог суткамі не вылазіць з кабіны трактара. Асабліва падабалася яму праводзіць ворыва глебы, але большага задавальнення, чым уборка хлеба, для яго не існавала. Менавіта яна прынесла славу. Прычым двойчы. Першы раз, калі ў рэспубліканскім спаборніцтве ён заняў першае месца сярод камбайнераў Гомельскай вобласці. На “Дажынках” у Мазыры Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў камбайнеру В.А. Разуменку імянны міні-трактар “Беларус” 0082 БЦ. Тата ніколькі не зайздросціў сваім калегам, якія атрымалі ў якасці ўзнагароды легкавыя аўтамабілі. Трактар і цяпер верай і праўдай служыць свайму гаспадару – пры правядзенні работ на прысядзібным участку, які бацькі апрацоўваюць, ён незаменны памочнік. Каштоўны падарунак атрымаў  і на “Дажынках” у Полацку, асабліва даражыць  статуэткай Еўфрасінні Полацкай.

Зорны час наступіў для яго ў Светлагорскім раёне, куды бацькі пераехалі з Руднага па перасяленню ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС у 1992 годзе. Тады тата дасягнуў пенсійнага ўзросту, але весці спакойнае жыццё пенсіянера яму было не па душы. Старшыня калгаса “Прагрэс” В.А. Папруга з неахвотай прадаставіў працу, а пазней адзначаў, маўляў, яшчэ 3-4 такія працаўнікі, як Віктар Акімавіч Разуменка, і аб кадрах механізатараў клапаціцца не трэба.

Ва ўсіх сваіх працоўных заслугах тата лічыць вялікі ўклад мамы, Любові Васільеўны. Гэта яна стварала яму надзейны сямейны тыл. З таго часу, як яны крочаць разам па жыцці, мінула 54 гады. Выраслі дзеці. Мае сёстры Галіна, якая жыве ў Смаленску, і Тамара, жыхарка Санкт-Пецярбурга, бухгалтары па спецыяльнасці. Сястра Ніна, якая таксама жыве ў паўночнай расійскай сталіцы, прадавец. Мой брат Аляксандр пайшоў па слядах бацькі –  ён трактарыст у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Я працую ў дзіцячым садзе “Казка” нашага горада, сюды бацькі пераехалі са Светлагорскага раёна не так даўно. Ва ўсіх нас свае сем’і. Мы падарылі бацькам сем унукаў, яны дачакаліся ўжо і першага праўнука Іллю, якому тры гады.

Мне здаецца, што на такіх людзях, як мой бацька, жыццё ставіць самую высокую пробу. Ен спакойна і дастойна нёс славу Майстра хлебаробскай справы, у поўную моц адчуў радасць працы на зямлі. І вельмі хочацца, каб мой тата  доўга разам з нашай дарагой матулечкай      (на здымку) дзялілі нашы радасці і клопаты.


А. Назаранка,
дачка В.А. Разуменкі.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *