Работы вядуцца ў комплексе

Сельское хозяйство

Тое, што ў селяніна не толькі ўвосень работ восем, даказваюць сваім напружаннем цяперашнія, красавіцкія дзянькі. У гаспадарках раёна пасля завяршэння сяўбы ранніх збожжавых прыступілі да падрыхтоўкі сяўбы кукурузы, вядуць падкормку пасеваў азімых і шматгадовых траў, уносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні.
Вось і дырэктара КСУП «Эксбаза «Стралічава» У.Л. Бондара гэтай гарачай парой цяжка застаць у рабочым кабінеце, што апраўдана і зразумела – работа кіпіць на ўсіх палях і ўгоддзях. Прозвішчы стралічаўскіх механізатараў сёння сярод лепшых па ўсіх відах веснавых палявых работ.
Што датычыць іх некаторых папярэдніх лічбавых вынікаў, то можна адзначыць, што па стану на 6 красавіка ў гаспадарцы падкормлены ўсе 610 гектараў азімай пшаніцы, таксама падкормлена 140 га азімага жыта на збожжа і 100 га на зялёны корм, 605 га азімага трыцікале на збожжа і 315 га на зялёны корм, падкормлена і 120 гектараў шматгадовых траў.
У асноўным завершана вывазка на палі арганікі (усяго 31280 тон), зараз вядзецца яе ўнясенне (унесена 6680 т).
Прыступілі ў эксбазе і да падрыхтоўкі глебы пад сяўбу кукурузы. Работы па ворыву, як заўсёды, даверылі аднаму з самых лепшых і вопытных аратых гаспадаркі – Аляксандру Мікалаевічу Дрончанку. Дыскаваннем глебы пад кукурузу займаецца Ю.В. Шрамко. Мяркуецца, што сяўба адной з самых важных сельскагаспадарчых культур пачнецца ўжо на будучым тыдні.
На ўсіх работах працуюць спрактыкаваныя і вопытныя механізатары, а таму і справы ідуць на лад. Так, на падкормцы пасеваў і траў заняты Ю.Ф. Капытаў, падвозкай мінеральных угнаенняў займаецца М.С. Аганесян. На ўнясенні мінеральных угнаенняў трактарам МТЗ-1221 з РУМ-7000 працуе У.М. Савянок, пагрузкай мінеральных угнаенняў на «Аўтадоры-342» заняты М.В. Ліпко.
Цэлае механізаванае звяно працуе на ўнясенні арганічных угнаенняў. Гэта С.А. Харытанчук на трактары МТЗ-2022 з устаноўкай МТУ-15, А.М. Касінскі на МТЗ-952 з ПРТ-7 і А.Ю. Пабядзінскі на МТЗ-82 з ПРТ-7.
Не забываюць у «Стралічаве» і аб падрыхтоўцы да пачатку сезона нарыхтоўкі кармоў. Ён ужо не за гарамі, а таму тэхніка – галоўнае сёння для рамонтнікаў і камбайнераў кормаўборачных камбайнаў. Адзін з іх, кормаўборачны камбайн КГ-6, ужо практычна гатовы да работы, на ім толькі засталося правесці тэхнічнае абслугоўванне.
Што датычыць другога кормаўборачнага камбайна КВК-800, то запчасткі для яго закуплены на ВА «Гомсельмаш», і зараз вядуцца работы па яго рамонту ўласнымі сіламі.
А вось рухавік яшчэ аднаго кормаўборачнага камбайна УЭС-2-250 рамантуецца на Гомельскім маторарамонтным заводзе. Завадчанам у поўным аб’ёме пералічаны грашовыя сродкі за кошт работ, а завяршыць іх абяцаюць ужо на будучым тыдні.
Гатовы да работы ўсе 5 прэс-падборшчыкаў, чакаюць выхаду на кармавыя ўгоддзі граблі ГР-700, а на падмогу да іх набыты яшчэ адны новенькія граблі ГР-420.
Так што і будучую касавіцу, мяркуючы па ўсяму, у эксбазе «Стралічава» сустрэнуць у поўнай гатоўнасці.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *