НА РАЁННАЙ ДОШЦЫ ГОНАРУ

Людзі і лёсы Экономика

СЛЕСАР РАМОНТНАГА ЗАВОДА МІХАІЛ СЯЛЕЦКІ
У любой сферы чалавечай дзейнасці ветэраны працы заслужана карыстаюцца павагай і аўтарытэтам. Іх слушнымі, а часам і неацэннымі парадамі і падказкамі заўсёды карыстаюцца больш маладыя калегі, да іх думкі прыслухоўваюцца кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў. Гэта і зразумела: іх багаты прафесійны вопыт, навыкі і ўменні, высокае майстэрства правераны справай і часам. Яны дазваляюць мець і захоўваць у памяці тое, што не знойдзеш ні ў адным нават падрабязным падручніку, тысячы і тысячы самых дробных дэталяў і нюансаў дапамагаюць знайсці выйсце нават з самых складаных сітуацый. А таму па праву лічацца такія людзі своеасаблівым залатым фондам на кожным прадпрыемстве.
Менавіта з такой катэгорыі людзей слесар па рамонту аўтамабіляў Хойніцкага рамонтнага завода М.С. Сялецкі.
У далёкім 1978 годзе закончыў ён Хойніцкае СПТВ-50 па спецыяльнасці газаэлектразваршчыка. Потым адслужыў у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі ў тым жа Хойніцкім СПТВ атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і працаваў вадзіцелем аўтабазы трэста «Галоўпалессеводбуд». А ў 1983 годзе перайшоў Міхаіл Сямёнавіч на аўтарамонтны завод, ды так і застаўся ў гэтым працоўным калектыве на ўсё жыццё.
За гэты час ён асвоіў амаль усе рабочыя спецыяльнасці – з аднолькавым поспехам можа працаваць слесарам, токарам, фрэзероўшчыкам, свідравальшчыкам, шліфавальшчыкам. Адным словам, сапраўдны ўніверсал!
Яго асноўнае рабочае месца – маторны цэх, у якім Міхаіл Сямёнавіч займаецца аднаўленнем і рэстаўрацыяй дэталяў аўтамабільных рухавікоў – шатуноў, дыскаў, карзінак счаплення і іншых. Але ў апошнія гады, калі эканамічная сітуацыя прымусіла аўтарамонтнікаў шукаць і прапаноўваць новыя паслугі спажыўцам, асвойваць новыя віды прадукцыі, М.С. Сялецкі паспяхова авалодаў вырабам новых відаў прамысловай прадукцыі – запчастак для глебаапрацоўчай тэхнікі. І цяпер яго рабочае месца пакуль што перамясцілася з маторнага ў механічны цэх.
Не змянілася адно – вынікі яго працы. Якія б ні былі пастаўлены перад гэтым чалавекам задачы, можна не сумнявацца ў тым, што ўсё будзе зроблена ім хутка, дакладна і якасна. Напэўна, таму нездарма ён лічыцца адным з лепшых работнікаў на рамонтным заводзе.
Міхаіл Сямёнавіч, нягледзячы на сённяшнія эканамічныя праблемы, якія паўсталі перад заводскім калектывам, не губляе аптымізму і верыць у тое, што прадпрыемства знойдзе сваё месца на рынку вытворчасці. Непакоіць ветэрана працы іншае.
– Усё болей і болей ветэранаў вытворчасці выходзіць на заслужаны адпачынак. А вось паўнацэннай замены ім з ліку моладзі не хапае, – гаворыць М.С. Сялецкі. – У мінулыя часы чалавека нават не адпускалі на пенсію, пакуль не падрыхтуе сабе замену. Сёння ж моладзь не вельмі ахвотна выбірае для сабе рабочыя спецыяльнасці, ды яшчэ часцяком не высока аплочваемыя.
І ўсё ж Міхаіл Сямёнавіч верыць у тое, што і ў нашых дзяцей і ўнукаў усё будзе як належыць. Інакш, гаворыць ён, навошта тады наогул жыць без надзеі і веры?

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

ЭЛЕКТРАМЕХАНІК СУВЯЗІ АЛЯКСАНДР БЕЛАУС
Аляксандр Васільевіч Белаус працуе электрамеханікам сувязі Хойніцкага вузла электрасувязі на працягу 18 гадоў. Стаж значны і гаворыць пра вялікі прафесійны вопыт чалавека, яго пастаянства ў выбранай справе.
За амаль два дзесяцігоддзі спецыфіка работы электрамеханіка сувязі змянілася ў корані. Калі раней даводзілася абслугоўваць толькі тэлефонную сувязь, то сёння на долю кожнага з чатырох электрамеханікаў Хойніцкага вузла электрасувязі прыходзяцца і абаненты лічбавага тэлебачання, Інтэрнету, а таксама ўладальнікі ахоўнай сігналізацыі. Дарэчы, Аляксандр Васільевіч абслугоўвае цэлы мікрараён «Юбілейны» горада плюс вёскі Карчовае і Акцябр.
– Ад тэхнічных спецыялістаў у многім залежыць якасць электрасувязі, – гаворыць пра сваю работу А.В. Белаус. – У любыя ўмовы надвор’я павінны функцыянаваць тэлефон, Інтэрнет і тэлебачанне, каб жыхары Хойнікшчыны не адчувалі нязручнасцей. Для гэтага нам, спецыялістам, варта пастаянна папаўняць свае веды і навыкі, валодаць сучаснымі тэхналогіямі на ўсе 100 працэнтаў.
Электрамеханік сувязі Аляксандр Васільевіч Белаус не ігнаруе любую магчымасць павысіць кваліфікацыю. Хутка адправіцца на чарговыя курсы ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі ў Мінск.
Любімага мужа ва ўсіх пытаннях падтрымлівае жонка Алена Юр’еўна. Разам яны больш за 30 гадоў, выхавалі дачку і сына, якія даўно сталі самастойнымі, раз’ехаліся па розных гарадах.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

НАЧАЛЬНІК ІЗАЛЯТАРА ЧАСОВАГА ЎТРЫМАННЯ РАУС СЯРГЕЙ БРЫЦЬКО
На пасадзе начальніка ізалятара праходзіць службу маёр міліцыі Сяргей Андрэевіч Брыцько. З 2004 года пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у Хойніцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў быў на пасадзе міліцыянера аддзялення аховы тэрыторый радыяцыйнага забруджвання, малодшага інспектара па ахове лясной гаспадаркі, старшага інспектара групы тылавога забеспячэння. Разам з тым, за гэты час Сяргей Андрэевіч паспяхова закончыў Магілёўскі каледж і Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Пасада начальніка ізалятара больш чым адказная. Неабходны кругласутачны кантроль за зняволенымі пад варту. Пабочным уваход у ізалятар строга забаронены. Графік і рэжым працы выконваюцца няўхільна, дысцыпліна ў Брыцько – жалезная. Ён гаворыць:
– Наша задача – не дапусціць праносу ў камеры забароненых прадметаў, строгае захаванне ўнутранага распарадку і ўстаноўленых заканадаўствам правілаў. Міліцыянеры-канваіры штодня дастаўляюць асоб, якія знаходзяцца пад следствам, у суды і на следчыя дзеянні. Нават самае нязначнае адхіленне ад усталяваных правілаў можа каштаваць супрацоўніку ізалятара часовага ўтрымання жыцця – кантынгент ва ўстанове знаходзіцца розны.
– Дарэчы, кожны з сямі маіх падначаленых – добры псіхолаг, бо, перш за ўсё, мы працуем на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў, – дадаў С.А. Брыцько.
Сяргей Андрэевіч Брыцько актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і спартыўным жыцці райаддзела. Акрамя футбола, захапляецца рыбалкай. У цэлым ён з’яўляецца прыкладам для падначаленых, заўсёды гатовы пастаяць за гонар мундзіра і гонар аддзела.

Алена СМУСЯНОК. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *