Выбралі лепшых чытальнікаў

Образование

На базе сярэдняй школы №2 г. Хойнікі з мэтай выяўлення здольных і лінгвістычна адораных дзяцей прайшоў конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску», які быў прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, народных паэтаў БССР Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Удзельнічалі вучні 8, 9, 10 класаў устаноў адукацыі. Конкурс складаўся з двух тураў. У першым патрэбна было прадставіць мультымедыйнае эсэ па тэмах: 10 клас – «… Ішоў прарок пясчанай сцежкай з навукай новаю к людзям», Янка Купала; 9 клас – «Любімосць, мае суседзі! Кіньма сваркі, звадкі, жыйма, як родныя дзеці адной нашай маткі!», Янка Купала; 8 клас – «Вучыў мяне лес пазнаваць прыгоства, суладнасць і чары прыроды», Якуб Колас. Другі тур складаўся з вуснага выказвання на адну з прапанаваных тэм.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі былі змястоўнасць выказвання, адпаведнасць моўным нормам, творчы падыход да развіцця тэмы, уменне задаваць пытанні і адказваць на пытанні сапернікаў, членаў журы. Выступленні, падрыхтаваныя яго ўдзельнікамі, паказалі, што вучні добра валодаюць роднай мовай, ганарацца сваёй Радзімай і ведаюць яе гісторыю.
Пераможцамі конкурсу рытарычнага майстэрства сталі: Алена Талюк, гімназія г. Хойнікі (8 кл.); Святлана Шкут, СШ № 3 (9 кл.); Дар’я Агутава, СШ № 2 (10 кл.).
Пераможцы будуць удзельнічаць у абласным этапе конкурсу, які адбудзецца ў Гомелі 29 красавіка.

А. ЯКУНІНА, метадыст РВМК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *