Виктория Мастабай — в числе лучших педагогов области!

Образование

Неверагодна напружаныя дні, сур’ёзная падрыхтоўка, вялікая канкурэнцыя і няпростыя заданні…

Усяго ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Беларусі» прынялі ўдзел 114 сейбітаў разумнага, добрага, вечнага з усіх рэгіёнаў вобласці. Прайшлі жорсткі адбор і ўдзельнічалі ў вочных турах 32 педагогі. Яны далі майстар-класы для навучэнцаў Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С. Выгоцкага і студэнтаў універсітэта імя Ф. Скарыны. Правялі ўрокі ў незнаёмых класах, а таксама прадставілі свой педагагічны вопыт падчас міні-ўрокаў на сцэне.

Журы абрала самых таленавітых і крэатыўных настаўнікаў-пераможцаў, іх восем – па аднаму ў кожнай намінацыі, і вызначыла лаўрэатаў. Ніколі раней прадстаўнікам нашага раёна не ўдавалася ўзняцца на вяршыню гэтага абласнога спаборніцтва. І вось упершыню з Дыпломам і статуэткай фіналіста вярнулася настаўніца хіміі і біялогіі Стралічаўскай сярэдняй школы, маладая, абаяльная, творчая, улюблёная ў сваю прафесію Вікторыя Уладзіміраўна Мастабай (на здымку).

Гэта вялікае дасягненне як для педагога, так і для ўсяго нашага раёна – падкрэслівала кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, віншуючы Вікторыю Уладзіміраўну на ўрачыстай школьнай лінейцы. У адрас настаўніцы гучала мноства цёплых слоў падзякі і шчырых пажаданняў, былі ўручаны падарункі. Да слова, з абласнога конкурсу ў якасці прэзентаў яна прывезла планшэт, прадукцыю ААТ «Мазырсоль» і канцылярскія прыналежнасці.

Многа добрых падзей адбылося ў жыцці Вікторыі Мастабай у апошні час – яна выйшла замуж, згулялі наваселле ў службовай кватэры, і вось стала пераможцай прэстыжнага конкурсу. Няхай гэта белая паласа ў яе жыцці цягнецца доўга.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *