Моладзь не падводзіць

Сельское хозяйство Тэрыторыя моладзі

Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але Андрэя Марчанку на ферму прывёў футбол. З васьмі гадоў ён захапляецца гэтым відам спорту, гуляў на хойніцкіх футбольных палях, а потым яму прапанавалі стаць цэнтральным паўабаронцам у рэчыцкай камандзе «Ведрыч-97», цяпер яна называецца «Рэчыца-2014». Там ён займаўся тры гады, удзельнічаў у першай Ліге Беларусі па футболе. І хаця спорт займае важнае месца ў жыцці юнака, аб атрыманні адукацыі задумваўся ўсур’ёз. Вось і паступіў у Рэчыцы ў навучальную ўстанову – аграрны каледж. Так было прасцей сумяшчаць прыемнае з карысным. І ў выніку аказалася, што Андрэй моцны не толькі ў справах спартыўных, але і жывёлагадоўчых. Зараз маладога спецыяліста вельмі хваляць у калектыве Пудакоўскага малочна-таварнага комплексу, дзе ён працуе заатэхнікам. Старанны, ініцыятыўны хлопец з пазітывам ставіцца да ўсяго, у прыватнасці да няпростай працы. Завочна вучыцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, а гэта значыць, што некалі, здавалася б, яшчэ нясмелы выбар прафесіі стаў усвядомленым.
А Уладзіслаў Рыбакоў марыў пайсці па слядах бацькоў-медыкаў. І пайшоў – стаў лекарам, толькі ветэрынарным. Родам малады чалавек з Гомеля. Вучыўся ў Рэчыцкім аграрным каледжы, зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю па сваёй спецыяльнасці ў Віцебскай акадэміі. У сельгаспрадпрыемстве «Веляцін» ён працуе галоўным ветурачом з лета 2015 года. Сваім першым працоўным месцам юнак задаволены – выдзелілі пакой у інтэрнаце з усімі выгодамі. Вясковае жыццё прыцягвае яго цішынёй і спакоем, ды і мясцовыя жыхары адрозніваюцца добразычлівасцю. Адказнасць на Уладзіславе вялікая – здароўе ўсёй жывёлы гаспадаркі, але ён спраўляецца. Да канца адпрацоўкі ў нашым раёне маладому спецыялісту застаецца тры месяцы, пакуль невядома: паедзе ён ці застанецца тут працаваць, але ў любым выпадку на Хойнікшчыне ён добра практыкуецца.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *