Робяць добрае для раёна


Трывалае  супрацоўніцтва і добрыя партнёрскія сувязі наладжаны паміж Хойнікамі і італьянскай дабрачыннай асацыяцыяй «АРЧЫ-690. Праект Чарнобыль. Не адзін год маленькія хайнічане адпачываюць і аздараўліваюцца ў італьянскіх сем’яў гарадоў Піза, Кашына, іншых населеных пункта правінцыі Таскана. Італьянскія дабрачыннікі робяць многа добрага для нашага раёна, удзяляючы асаблівую ўвагу дзецям з неспрыяльных сем’яў.



З чарговым візітам 16-17 студзеня наш раён наведалі каардынатар дабрачыннай асацыяцыі «АРЧЫ-690. Праект Чарнобыль» Умбэрто Муньяіні і прадстаўнік асацыяцыі Эрнэсто Паскуіні.
На сустрэчы з кіраўніком раёна А.В. Бічаном  (на здымку ўверсе)яны абмеркавалі плануемы на красавік візіт італьянскай юнацкай каманды па футболу. Таварыскія сустрэчы па футболу, прымеркаваныя да 25-й сумнай гадавіны катастрофы на ЧАЭС, плануецца правесці з камандай Судкоўскай школы і хойніцкімі рабятамі.
У гэты прыезд італьянская дэлегацыя падарыла аддзелу культуры, з якім супрацоўнічае трэці год, сучасныя камп’ютэры. Два з іх, як расказаў начальнік аддзела культуры райвыканкама В.І. Баранаў, будуць устаноўлены ў Храпкаўскай бібліятэцы, па аднаму – у раённым Доме культуры і ГЦКіС «Меліяратар».
Таксама былі падораны тры швейныя машынкі з неабходнымі швейнымі прыналежнасцямі. Яны будуць перададзены раённаму Дому рамёстваў. Для аснашчэння дзіцячай  школы мастацтваў была перададзена новая домра.



На сустрэчы з начальнікам аддзела культуры райвыканкама В.І. Баранавым Умбэрто Муньяіні выказаў пажаданне, каб дамы культуры пашыралі свае магчымасці і станавіліся сапраўднымі цэнтрамі, аб’ядноўваючымі дзяцей і дарослых, каб у першых не з’яўлялася жаданне займацца нечым дрэнным, а ў другіх – п’янстваваць. У бліжэйшых планах італьянскай дабрачыннай асацыяцыі арганізацыя курсаў вывучэння італьянскай і англійскай моў.



У гэты ж дзень італьянская дэлегацыя наведала Судкоўскую сярэднюю школу, вучні якой з’яўляюцца асабліва частымі гасцямі італьянскіх сем’яў. У чэрвені бягучага года каманда валейбалістак гэтай школы паедзе ў Пізу на адпачынак і правядзе спартыўныя спаборніцтвы са сваімі замежнымі равесніцамі.
Судкоўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі для стаматалагічнага кабінета была падорана партатыўная сучасная фоталямпа.
Замежныя госці наведалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў  ТЦСАН і падарылі сучасную швейную машынку для правядзення гуртковай работы.
У час візіту госці пазнаёміліся з рабятамі, якія займаюцца ў аддзяленні, іх работамі. Фігуркі ў выглядзе галавы белага ката, сімвала наступіўшага года, і карціна, выкананыя ў тэхніцы цестапластыкі, былі прэзентаваны італьянскім дабрачыннікам.  Пасля экскурсіі па будынку замежныя госці абмеркавалі з работнікамі аддзяленняў магчымасці далейшага супрацоўніцтва. Асацыяцыя «АРЧЫ-690. Праект Чарнобыль» пастараецца знайсці магчымасць і дапамагчы з аснашчэннем аддзялення ДЗІ матэрыяламі і абсталяваннем для работы.



Першы запіс у Кнізе водгукаў і прапаноў аддзялення пакінуў Умбэрто Муньяіні.
Пасля афіцыйных сустрэч замежныя госці наведалі сем’і, дзеці з якіх адпачывалі ў Італіі, перадалі ім прывітанні і падарункі.



Вольга АНАТОЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *