Абавязаны – не значыць страчаны


Гледзячы на гэтую мілавідную маладую жанчыну, ніколі не западозрыш, што калісьці яна цесна сябравала з Бахусам, не займалася выхаваннем сваёй малалетняй дачкі, не працавала, злоўжывала спіртным. За што была пазбаўлена бацькоўскіх правоў.



– Гэта адбылося ў 2002 годзе, – гаворыць Ганна Вячаславаўна Белазёрава. – Праўда, у той час я не поўнасцю ўсведамляла трагічнасць становішча, таму што былі другія прыярытэты. У вясёлых шумных кампаніях  па-ранейшаму заставалася сваёй. Там з дапамогай стакана віна можна было забыцца аб зямных праблемах. Тым больш, што  малую Ірынку даглядала мая маці Наталля Канстанцінаўна.



Злоўжыванне алкаголем, перыядычная адсутнасць дома працяглы час, нежаданне працаваць, няправільнае выкарыстанне «дзіцячых грошай» – жыццё Ганны імкліва пайшло ўніз. Паводзіны маладой мамы ў розных дакументах сталі называцца амаральнымі. Зацікаўленымі службамі пачаўся збор неабходных дакументаў для перагляду правоў і абавязкаў яе ў адносінах да дачкі. Першай забіла трывогу  Наталля Канстанцінаўна. Дачка ж не слухала ні просьб, ні ўгавораў.
З 2002 года выхаваннем Ірыны афіцыйна займалася бабуля,  Ганна стала значыцца абавязанай асобай. А прыкладна з 2007 года ў паводзінах Ганны сталі заўважны паляпшэнні. Яна развіталася з п’янствам, уладкавалася на працу даяркай на ферме «Высокае» эксбазы «Стралічава».
– На правільны шлях мяне, можна сказаць, накіравалі мае малодшыя дзеці, – зазначае Г.В. Белазёрава, – мае сыны Сяргей, якому цяпер тры гады, і Аляксей, яму шосты месяц пайшоў. Не хачу, каб па маёй віне яны паўтарылі лёс сваёй старэйшай сястры.



27 снежня летась адбыўся суд, на яго пасяджэнні жанчына клялася, што з ранейшым жыццём пакончана, з алкаголем завязаны вялікі вузел.
Рашэннем суда дзіця было вернута біялагічнай маці. Ганна Вячаславаўна выходзіла з залы, зноў набыўшы бацькоўскія правы.
Яна лічыць, што гэты дзень самы шчаслівы ў яе жыцці. Разам з тым, вельмі шкадуе аб тым, што ў яе памяці не засталіся мілыя сэрцу кожнай маці імгненні, калі дзіця вымаўляе першыя словы, вучыцца хадзіць. Але спадзяецца і верыць, што яшчэ не ўсё страчана, што прынятае рашэнне выправіцца – цвёрдае, і што яе адзінаццацігадовая дачка ўсё яшчэ мае вялікую патрэбу ў мацярынскай любові і клопаце.
– Нават пад страхам смерці не вярнуся да свайго амаральнага мінулага, – сказала на развітанне Ганна Вячаславаўна.



І гэтаму хочацца верыць.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *