Другарадных пытанняў не можа быць


 


Новая пяцігодка стартавала. А разам з тым пастаўлены новыя мэты і задачы ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Ва ўнісон з імі павінна рухацца наперад па ўсіх накірунках і Хойнікшчына – прырастаць вытворчасцю прадукцыі ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, прыцягваць інвестыцыі, актыўна будавацца, ствараць новыя рабочыя месцы. Аб гэтым 26 студзеня гаварылі на сустрэчы з калектывам ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй райвыканкама А.В. Бічаном, у аграгарадку Судкова – члены ІПГ на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар.



Невыпадкова  быў выбраны для сустрэчы з ІПГ пад старшынствам кіраўніка раёна калектыў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. У мінулы панядзелак на пасадзе дырэктара гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі зацверджаны Аляксандр Аляксандравіч Максімовіч. З гэтым кіраўніком, які тут выконваў абавязкі дырэктара з восені мінулага года, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” падняўся з апошняга на другое месца ў раёне па сярэднясутачных надоях малака ад каровы – за 27 студзеня гэтая лічба склала 9,8 літра на карову.



Безумоўна, выходзіць з-пад крытыкі неабходна, прычым усёй сям’і сельгасвытворцаў раёна. І раўняцца ёсць на каго. Старшыня райвыканкама А.В. Бічан у якасці арыенціру прывёў наступныя лічбы: у Беларусі летась вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі на аднаго занятага ў гэтай галіне склала 4,4 тыс. долараў, у Чэхіі – 14 тыс. долараў, Германіі – 26, Францыі – 42, ЗША – 46 тыс. долараў. З гэтага вынікае, што ў десяць разоў напружаней беларусаў працуюць амерыканцы, а жыць мы сёння жадаем не горш за іх, значыць, і працаваць трэба аднолькава.



А для пачатку дысцыпліну неабходна падцягнуць. Каб не дазвалялі сабе некаторыя нахабна ў п’яным выглядзе на работу выходзіць – летась вадзіцель ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” быў затрыманы за рулём у нецвярозым стане. Менавіта па гэтай прычыне – з-за сяброўства з “горкай” у нашым раёне злачыннасць працвітае – по колькасці здзейсненых рознага роду правапарушэнняў другое месца ў вобласці займаем. Пад шафэ асабліва актыўныя сямейныя скандалісты, тады ж з лёгкасцю ідуць на здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў.  



Непачэснае лідэрства мы сабе выбралі. Наша задача – дабрабыт свой мацаваць добрымі справамі. Будаваць жыллё, павышаць колькасць і якасць выпускаемай прадукцыі, актыўна весці здаровы лад жыцця, дзяцей як след выхоўваць. Словам, жыць па-людску.
На ўсе пытанні, большасць з якіх датычылі умоў выдачы крэдытаў на будаўніцтва жылля, набыццё тавараў айчыннай вытворчасці, атрыманне адукацыі,  прысутныя атрымалі вычарпальныя адказы.



Ірына ВАСІЛЬЕВА.


Адкрываючы сустрэчу інфармацыйна-прапагандысцкай групы раённага Савета дэпутатаў з жыхарамі аграгарадка Судкова ў мясцовым СДК, старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар адзначыла, што за апошнія два месяцы ад сельскіх жыхароў паступіла 101 пытанне. Амаль усе яны вырашаны, 3 – на кантролі.



Знаёмячы прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнай дзейнасці раёна, Галіна Віктараўна ўзняла тэму рэнтабельнай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў, у калектыве КСУП «Судкова» гэтаму павінна паспрыяць стварэнне комплексу па адкорму свіней, развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян і арганізацыі закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ад насельніцтва. Асобна спынілася на заганах, якія перашкаджаюць упэўненаму руху наперад. Прывяла, у прыватнасці, уражваючую статыстыку: аказваецца, у нашай рэспубліцы 7% з зарплаты працуючага выдаткоўваецца на аплату камунальных паслуг, а 8,5% грамадзяне трацяць на набыццё спіртных напіткаў. А да чаго прыводзіць злоўжыванне алкаголем і паўтараць не варта. Гэта, у першую чаргу, рост колькасці сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы – самая актуальная на цяперашні час праблема. Менавіта гэтыя сем’і першымі трапляюць у поле зроку створанай пры сельскім Савеце агляднай камісіі,  і калі не будуць назірацца змены да лепшага, будуць прымацца самыя кардынальныя меры, якія прадугледжваюць адабранне дзяцей у гора-бацькоў. І няхай яны потым працай і сваімі паводзінамі дабіваюцца, каб дзяцей вярнулі.



 Ад імя жыхароў дома №6 па вул. Маладзёжная  пенсіянерам А.Я. Радчанкам быў агучаны адразу шэраг пытанняў: пасля правядзення газіфікацыі засталася вялікая груда бытавых адходаў, якія да гэтага часу не ўбраны; патрабуюць замены ўваходныя дзверы ў двухпавярхоўку; дах дома працякае, мэтазгодна было выканаць рамонт па навейшых тэхналогіях; спілаваць аварыйнае дрэва, якое знаходзіцца ў двары дома і пагражае бяспецы людзей.



Уздымаліся на сустрэчы пытанні якасці чорнага хлеба, выпускаемага хойніцкім заводам, работы бара  «Меркурый». Усе яны прыняты да разгляду, аб зробленым жыхарам будзе паведамлена.
Закончылася мерапрыемства на вельмі прыемнай ноце – канцэртам фальклорнага ансамбля «Галасы Палесся».



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *