Добрае пачынанне: ініцыятары і выканаўцы


Як добра, што у нас ёсць сапраўдныя энтузіясты, людзі, якія не толькі выступаюць з карыснымі ініцыятывамі на агульную карысць, але і не ва ўрон сваёй асноўнай працы ператвараюць намечанае ў жыццё. У такім разе раённы выканаўчы камітэт падтрымлівае пачынанні, аказвае ў іх рэалізацыі ўсямернае садзейнічанне.



Так, вадзіцель райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.В. Прыходзька даўно выношваў ідэю стварэння лядовага катка ў «старых» Хойніках.
– Пры гэтым праследжваў дзве мэты, – адзначае Сяргей Васільевіч. – Першая – гэта каб у нашым горадзе быў каток, дзе б маглі трэніравацца юныя хакеісты, удзельнікі каманды «Ветразь». Яны вельмі паспяхова выступалі на турніры  «Залатая шайба» – два разы запар выходзілі пераможцамі абласнога этапа турніру сярод раёнаў сваёй групы і займалі  чацвёртае месца  ў рэспубліцы. Першым трэнерам каманды быў Аляксандр Леанідавіч Вяргейчык. Дарэчы, за гэту каманду выступае мой сын Максім, які зараз вучыцца ў дзевятым класе першай гарадской сярэдняй школы. Па-другое, адпачыць, пакатацца на каньках змогуць усе жадаючыя – дарослыя і дзеці, аматары і спартсмены.
Сваімі задумкамі С.В. Прыходзька падзяліўся з намеснікам старшыні райвыканкама А.У. Машэўскім, ідэя была адобрана кіраўніком раёна А.В. Бічаном.



Пляцоўка для катка была выдзелена ля ўваходу ў гарадскі парк, інструментарыем дапамог райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Да выканання справы яе ініцыятар далучыў Сяргея Яўгенавіча Бойдака. Абодва яны ў свой час закончылі Акадэмію фізічнага выхавання і спорту ў горадзе Мінску і ведаюць прафесіянальныя сакрэты ў стварэнні лядовай пляцоўкі. Адзначаюць, што для аднаразовай заліўкі патрабуецца паўтары тоны вады.



Працавалі С.В. Прыходзька і С.Я. Бойдак на сваім аб’екце і днём, і ноччу, калі дазвалялі ўмовы надвор’я. Лядовая пляцоўка прыняла наведвальнікаў у суботу, 29 студзеня. Важна, што тут з уводам абноўленага парка ў эксплуатацыю зроблена электраасвятленне. Гарачы лёд чакае тых, хто сябруе з канькабежным спортам, і тых, хто толькі хоча ўстаць на канькі.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *