У будучыню — з надзеяй


 У 23-ці раз на Хойнікшчыну прыязджаюць артысты са сталіцы краіны ў межах дабрачыннай акцыі “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”. Як сведчыць назва праекта, усе мерапрыемствы прысвечаны сумным падзеям красавіка 1986 года.

Для хайнічан прыезд артыстаў заўсёды свята, аб гэтым сведчыла перапоўненая зала дзіцячай школы мастацтваў. Перад пачаткам канцэрта са словамі падзякі за цёплы прыём і добрую арганізацыю звярнулася вядучая праграмы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь К.І. Копелева. Першымі выйшлі на сцэну юныя таленты раёна. Песні ў выкананні Марыны Ладыгінай, Ганны Гапоненка, Андрэя Сцешыца, Насці Лабачовай, братоў Мядзведзевых і Машы Дашкевіч выклікалі шчырае захапленне ўсіх прысутных, а старшыня журы А.С. Цялькова запрасіла рабят у Мінск, выступіць у канцэртнай праграме “У будучыню – з надзеяй”. Потым гледачы гучнымі апладысментамі віталі кожны выхад выканаўцаў са сталіцы. Сярод іх дыпламанты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – дуэт “Лэст”, кіраўнік тэатра песні Лілія Студнева. Не толькі галасамі, танцамі і гумарам чараваў лаўрэат рэспубліканскіх і дзяржаўных прэмій, якому апладзіравалі жыхары Францыі, Італіі, Іспаніі – легендарны калектыў “Купалінка”.

Прыемным сюрпрызам стаў прыезд на Хойнікшчыну народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка, які на радасць усім выканаў песню на словы Л. Рубальскай “Самурай”.


Алена СМУСЯНОК.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *