ПАМЯЦі НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО


Хойнікшчына ўрачыста адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі І.П. Мележа



Івану Паўлавічу Мележу – 90 гадоў. Было б. Удзячныя нашчадкі свята захоўваюць памяць свайго знакамітага земляка. З нагоды 90-гадовага юбілею Мележа паўсюдна ў раёне: у школах, бібліятэках, музеях прайшлі тэматычныя выстаўкі, літаратурныя вечарыны, творчыя вечары, прысвечаныя памяці класіка нацыянальнай літаратуры, лаўрэата многіх дзяржаўных прэмій.



5 лютага эпіцэнтрам мерапрыемстваў у гонар памяці пісьменніка стала яго радзіма – вёска Глінішча. Шматлікіх гасцей свята, дэлегацыі з розных раёнаў нашай вобласці сустракаў Глінішчанскі дзіцячы-сад-СШ, які носіць імя І.П. Мележа, дзе вучнямі была падрыхтавана кампазіцыя па жыцці і творчасці юбіляра.
На мітынгу каля помніка І.П. Мележу, які вяла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І.С. Панчанка, выступілі старшыня Алексіцкага сельскага Савета Л.В. Кірылава, паэт М.М. Мятліцкі, выпускніца Глінішчанскага д/с-СШ Анжэла Бандарчук, Прысутныя ўсклалі да падножжа помніка вянкі і кветкі. Дырэктар музея імя І.П. Мележа С.П. Ліпніцкая правяла экскурсію па музею І.П. Мележа.



 Глінішчанскі цэнтр адпачынку 5 лютага сустрэў гасцей шматлікімі выстаўкамі: сачыненняў вучняў і малюнкаў па творчасці Мележа, народнай творчасці, выставак-продажаў АСП “Каапнарыхтпрам” і КПУП “Паліграф”. У перапоўненай глядзельнай зале акрамя родзічаў пісьменніка сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў горада і раёна, гасцявыя дэлегацыі. Адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя на сусветна вядомым творы Мележа – хроніцы палескага жыцця “Людзі на балоце” і адкрытыя Мележаўскія літаратурныя чытанні пад тэкст вядучых, унучатай пляменніцы І.П. Мележа М. Краўчанка і настаўніка Судкоўскай СШ У. Марчанкі.



 Прывітальны адрас удзельнікам мерапрыемства ад старшыні раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічана зачытаў намеснік старшыні райвыканкама А.У. Машэўскі, ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь П.М. Латушкі – дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці М.І.Шэмшэня. Выступаючы перад аўдыторыяй, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А.А. Каціла адзначыў, што варта толькі ўзяць у рукі знакамітую “Палескую хроніку”  І.П. Мележа і немагчыма не закахацца ў гэтых простых людзей, яе герояў, якія робяць нашу Беларусь прыгажэйшай, а народ краіны – багацейшым. У дар ад аблвыканкама Анатолій Антонавіч прыпаднёс фотаальбом “Беларусь: 15 гадоў пераўтварэнняў”.



Нельга было без хвалявання слухаць успаміны родных пісьменніка – дачкі Людмілы Іванаўны Мележ, сястры Любові Паўлаўны Мележ, пляменніц Ліліі Уладзіміраўны Краўчанка, Веры Савельеўны Генаш, Людмілы Яўгенаўны Якавенка, якія гаварылі аб Івану Павловічу, як аб чалавеку, які адыграў ў іх жыццёвых лёсах вялікую ролю. 
За вялікі  ўклад у прапаганду беларускай літаратуры і творчасці І.П. Мележа Ганаровай граматы  за подпісам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі М.І.Чаргінца ўдастоены старшыня райвыканкама А.В. Бічан, начальнік аддзела культуры райвыканкама В.І. Баранаў, загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Т.А. Кардаш, бібліятэкар бібліятэкі аграгарадка Судкова Н.М. Коўзік.



Ва ўрачыстай абстаноўцы М. Мятліцкі ўручыў членскі білет Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускніку філалагічнага факультэта  ГДУ імя Ф. Скарыны Алесю Бараноўскаму.
Карэспандэнт абласной газеты “Гомельская праўда” Т.В. Кручэнка ўзгадвала пра свае сустрэчы са стрыечнай сястрой І.П. Мележа Анастасіяй Трафімаўнай Паўленка. Пісьменнік, прыязджаючы ў госці да яе і яе мужа У.А. Вяргейчыка, які пасля смерці жонкі захоўвае вялікі фотаматэрыял аб сваім родзічу, падпітваўся тут добрай энергетыкай на цэлы год.



Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар Жыткавіцкай раённай газеты У.М. Гаўрыловіч падарыў раёну выданне “Прыпяцкая рапсодыя: ад Кірылы Тураўскага і да сённяшняга дня” і ўручыў Ганаровую грамату дырэктару Глінішчанскага д/с-СШ імя І.П. Мележа Г.А. Васяновіч.
У перакладзе на рускую мову прачытаў вершы М.Мятліцкага і А. Канапелька беларускі паэт В.Б. Спрынчан.



На працягу ўсяго дзейства гучалі песні ў выкананні ансамбля “Крыніца” дзіцячай школы мастацтваў. Асабліва любімую Іванам Паўлавічам песню “У канцы грэблі шумяць вербы…” выканалі яго землякі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Глінішчанскага цэнтра адпачынку. Як жывыя, сышлі са сцэны бессмяротныя героі “Палескай хронікі” у спектаклі Мазырскага драматычнага тэатра імя І.П. Мележа.



… Чалавек, які падарыў людзям вялікае шчасце, сам робіцца шчаслівым. Насуперак усяму. Такім быў, пайшоў з жыцця Іван Паўлавіч Мележ. Мець творы такога пісьменніка – шчасце літаратуры. Нашай зусім не беднай літаратуры. І мы ўдзячны лёсу, што адарыў нашага земляка выключным талентам слова і любві да людзей, да народа. Мець такога земляка – вялікі гонар.



5 лютага людзі сабраліся, каб адзначыць дату нараджэння Івана Паўлавіч Мележа, жывую дату жывога чалавека. Бо дата нараджэння – гэта дата жывых. Дата тых,  хто па-ранейшаму, наперакор смерці, жыве. Як жывы.



Клаўдзія БОСАК.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *