У магазін – за вітамінамі


Харчовы магазін у гандлёвым цэнтры «Родны кут», што на цэнтральнай плошчы горада, пасля рэканструкцыі, праведзенай у мінулым годзе, і выглядае па-іншаму, і асартыментам тавараў уражвае, найменні некаторых павялічаны ў некалькі разоў. Дзякуючы расшырэнню плошчы гандлёвай залы стаў магчымым продаж свежай рыбы. Узрос і тавараабарот.



Так, да рамонту за месяц атрымлівалі прыкладна 200-220 млн. руб., а ўжо за снежань 2010 года  тавараабарот склаў прыкладна 320 млн. руб.
Як расказала  загадчыца гандлёвага цэнтра «Родны кут» Ганна Маратаўна Ціханенка, большасць з прадстаўленых у магазіне тавараў – беларускай вытворчасці. Якасць іх на вышыні, бо прадукты харчавання ў нашай краіне самыя што ні ёсць натуральныя.



Багатая выкладка ў аддзеле садавіны і агародніны. Вядома ж, ёсць бананы, ківі і іншыя экзатычныя фрукты, на іх абавязкова ёсць сертыфікат адпаведнасці якасці.
Усё ж астатняе – наша, беларускае. Яблыкі, морква, бульба, цыбуля, капуста, буракі і іншая гародніна былі нарыхтаваны ў міжсезонны перыяд каапнарыхтпрамам і зараз па меры неабходнасці пастаўляюцца ў магазін.



Шырока прадстаўлены і квашаныя капуста, агуркі, памідоры, яблыкі, якія расфасаваны ў пластмасавыя вядзерцы ёмістасцю больш аднаго кілаграма. Яны таксама нарыхтаваны раённым каапнарыхтпрамам.  Добра ідзе, асабліва зараз, у зімовы час, багатая на вітамін С квашаная капуста.
Пакупнікі з ахвотай  разбіраюць вельмі карысныя для здароўя, багатыя вітамінамі журавіны, якія завозяцца ў гандлёвы цэнтр з Акцябрскага раёна. Добра рэалізуецца і замарожаная сумесь агародніны.


 


 Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *