Чаму глінішчанцы не ходзяць мыцца Ў МЯСЦОВУЮ ЛАЗНЮ?


Вялікія дзяржаўныя сродкі, дакладней, 484 мільёны рублёў  былі затрачаны ў 2008 годзе на  будаўніцтва лазні ў аграгарадку Глінішча. Але, як паказвае практыка, запаўняльнасць яе вельмі малая, адпаведная і аддача атрымліваецца. Карэспандэнт «ХН» пацікавіўся ў жыхароў гэтага населенага пункта, ходзяць ці не ходзяць яны ў лазню.



Аляксандр Фёдаравіч Гайко, механізатар КСУП імя Мележа:
– У гэтым няма патрэбы, бо пабудаваў уласную лазню з парылкай. Мыецца ў ёй мая сям’я, а таксама прыходзяць цесць з цёшчай, сябры. Ведаю, што вясковую лазню не наведваюць і многія нашы механізатары, бо на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі маецца і душ, і лазня.



Вольга Міхайлаўна Пархоменка, пенсіянерка:
– У лазню хаджу, але вельмі рэдка – на мой бюджэт 3500 рублёў за памыўку дарагавата. Абслугоўваннем задаволена, але вельмі хацелася б, каб пры лазні быў арганізаваны пункт мыцця бялізны. Дробныя рэчы пажылы чалавек можа вымыць дома, а вось з той жа пасцельнай бялізнай яму цяжка справіцца.



 Вера Уладзіміраўна Кудрыцкая, галоўны бухгалтар КСУП імя Мележа:
–  На мой погляд, многія  аднавяскоўцы не ходзяць у лазню па той прычыне, што маюць добраўпарадкаванае жыллё. І мая сям’я пражывае ў доміку, у якім ёсць ванная. Мы з мужам  не вялікія аматары гарачай пары, да таго ж, з-за занятасці на працы і па дамашняй гаспадарцы не можам выкраіць час на наведванне лазні.



Іван Іванавіч Лук’яненка, пенсіянер:
– Мы з жонкай людзі паважанага ўзросту – абодва нарадзіліся ў 1934 годзе, вось і лічыце, колькі нам гадкоў. Хваробы так і чапляюцца, а пойдзеш у лазню зімой, лічы, прастудзішся. Выручаюць суседзі, у якіх ёсць свая лазня. Калі б быў арганізаваны падвоз такіх людзей, як мы, у лазню, то не адмовіліся б ад яе наведвання.



Аляксандра Канстанцінаўна Міхаленка, палявод КСУП імя Мележа.
– Сама я – вялікі аматар гарачай пары і далучаю да гэтага сваіх блізкіх.  Мая сям’я – гэта чатырохгадовая дачушка Карына і 55-гадовая маці Галіна Леанідаўна. Жывём у драўляным доме, і ўжо па гэтай прычыне  ў лазню ходзім. Цана білета задавальняе і якасць аказваемых паслуг таксама.



Апытвала Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *