Змагаўся за Радзіму


Васілій Фёдаравіч Сняжко – той чалавек, чыя маладосць прыпала на жорсткае ваеннае ліхалецце. Нарадзіўся ён у вёсцы  Круг-Рудка Брагінскага раёна ў вялікай сялянскай сям’і, было ў яго дзевяць братоў і сясцёр. Да вайны паспеў закончыць сем класаў школы. Як толькі страшная вестка абрынулася на радзіму, пайшлі на фронт бацька, Фёдар Яфімавіч, і старэйшы брат Алесь, які загінуў у барацьбе з ненавісным ворагам пад Варшавай.



Васілій Фёдаравіч знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, потым быў прызваны на ваенную службу.
– Вучыўся ў школе малодшых камандзіраў у Смаленскай вобласці, – успамінае ён. – Курс навучання прайшлі за два месяцы замест належных шасці, затым накіравалі нас на Брэстчыну, дзе ішло фарміраванне войскаў для адпраўкі на фронт. Ваяваў у складзе 3-га Беларускага фронта пад камандаваннем Чарняхоўскага, быў аўтаматчыкам, з баямі дайшоў да Усходняй Прусіі.



У той час, на вайне, калі побач з неперадавальнай звычнасцю шлёпаліся кулі, а ноздры казытаў парахавы дым, салдат, знаходзячыся ў акопе, у прапахшым шматмесячным потам бушлаце,  думаў толькі аб адным – хутчэй перамагчы ворага і вярнуцца дамоў.



Першае раненне Васілій Фёдаравіч атрымаў ад снайперскай кулі, у час адвярнуўся і яна прашыла салдацкую вопратку, ледзь зачапіўшы левы бок тулава. Падлячылі ў паходным медсанбаце, і зноў – на фронт. Другое, больш цяжкае раненне ў руку, дагнала яго пад Кёнігсбергам. Лячыўся ў Каунасе, пасля выздараўлення быў накіраваны вучыцца на танкіста ў Бабруйск, адкуль быў дэмабілізаваны  3 лютага 1946 года.



– Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці, – гаворыць 87-гадовы ветэран. – Вярнуўся дамоў, стварыў сям’ю, вывучыўся на ветэрынара і ўвесь час працаваў у калгасе, яшчэ дзесяць гадоў нават выйшаўшы на пенсію. З жонкай Кацярынай Дзмітрыеўнай нарадзілі і выхавалі шасцёра дзяцей. Калі маёй вернай спадарожніцы жыцця не стала, пераехаў у Хойнікі, жыву ў драўляным доміку па вуліцы Лясной, які належыць дачцэ Любові Васільеўне.
Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, В.Ф. Сняжко замацаваны за трэцяй гарадской сярэдняй школай, да яго прыходзяць рабяты і ветэран расказвае ім аб сваім баявым мінулым.



– У мяне 9 унукаў, – дзеліцца Васілій Фёдаравіч, – Яны падарылі мне чацвёра праўнукаў. Вельмі хачу, каб на іх долю не выпала тое, што давялося перажыць мне і людзям майго пакалення. Каб нашы нашчадкі жылі пад мірным небам, працавалі, стваралі, нараджалі і выхоўвалі дзяцей – дастойную ветэранскую змену.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *