Як вядзецца падрыхтоўка тэхнікі ў КСУП імя Мележа

Рэха падзеі Сельское хозяйство Экономика

У гаспадарках раёна гэтымі днямі ва ўсю моц ідзе падрыхтоўка да адной з найважнейшых сельскагаспадарчых кампаній – уборкі ўраджаю. Камбайнеры працуюць каля сваіх “ластавак”, ладзяць іх, каб не падвялі ў полі. Гэту работу кантралюе, акрамя інжынераў гаспадарак, і галоўны інжынер райсельгасхарчу Р.І. Усс, які як мага часцей ў гэтыя дні наведвае кожнае сельскагаспадарчае прадпрыемства. У адну з такіх паездак узялі і карэспандэнта “Хойніцкіх навін”.
У КСУП імя Мележа, куды накіраваліся для маніторынгу, работа кіпіць. Звонку здаецца, што на вялікай асфальтаванай пляцоўцы каля рамонтных майстэрняў ціха і чутно, як муха пралятае. Але набліжаешся да камбайнаў-волатаў – каля іх справай занятыя вопытныя і знаёмыя па шматлікіх публікацыях у раёнцы прафесіяналы. Кожны экіпаж ведае сваю машыну па клёпачках, хто кіруе – той над машынай і шчыруе.
Самы старэйшы камбайн у стройнай лініі – КЗС 10К «Палессе»– у братоў Васіля і Аляксандра Кузьменкаў.

На фота ніжэй: Васілій Кузьменка

Больш за 10 гадоў працуюць на ім вопытныя работнікі. А на адвозцы, дарэчы, у іх яшчэ адзін Кузьменка – старэйшы брат Павел.

У КСУП імя Мележа на летніх канікулах шчыруюць педагогі, даўно сфарміраваўшыя свой экіпаж. Гэта настаўнік матэматыкі і інфарматыкі СШ № 1 г. Хойнікі Уладзімір Кавальчук і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Глінішчанскай школы Уладзімір Кузьменка. Абодва – жыхары агр. Глінішча, вось і знайшлі ўдалы спосаб на сваім адпачынку падзарабіць. На жаль, у час журналісцкага візіту не пабачыліся з настаўнікамі, зробім гэта на палях.

Досыць нялоўка адцягваць увагу камбайнера ў такі час, усё ж рамонт – справа адказная. Але хвіліначку даводзіцца адабраць у не менш знакамітага мележаўца Дзмітрыя Юшкевіча. Ён якраз мяняў зерневы элеватар, а 20 хвілін пасля сустракаю яго з памочнікам камбайнера Сцяпанам Ярмоленкам каля каласавога шнэка. Усё паспяваюць рабіць! Інакш проста немагчыма – Дзмітрый сёлета дзясяты год адзначае, як за гэту працу ўзяўся. 

На фота ніжэй: Дзмітрый Юшкевіч

Па словах галоўнага інжынера райсельгасхарчу Р.І. Усса, КСУП імя Мележа адзін з самых спрытных на падрыхтоўцы тэхнікі да ўборкі ўраджаю. Тут завяршаюць ладзяць да кампаніі, што пачнецца ў ліпені, 7 камбайнаў, нагрузка кожнага з іх – па 360 гектараў, а каліўлічваць кукурузу, дык і ўвогуле па 420 гектараў.

Складана ўявіць непадрыхтаванаму чытачу, якая нялёгкая праца чакае нашых камбайнераў: летняя спёка, неабсяжныя вокам палі, ад світання да першай зоркі за рулём пад гукі рухавіка. Тут невясёлую замалёўку карэкціруе загадчык рамонтна-механічнымі майстэрнямі М.В. Уласік. Маўляў, нязручнасцей зараз не так многа, як раней было. Напрыклад, у кабіне сучаснага камбайна цяпер не так гучна, хоць па тэлефону шэптам размаўляй. А наконт спёкі – дык кандыцыянер ёсць у салоне. Міхаіл Васільевіч ведае, пра што кажа: сам шмат гадоў працаваў на камбайне. Зараз былым калегам дэталі неабходныя набывае.

На фота ніжэй: Міхаіл Кляцоў

Своечасова і якасна праведзены рамонт збожжаўборачнай тэхнікі, правільная абкатка – гэта аснова бездакорнай яе працы ў полі. З гэтым згаджаецца і камбайнер Васіль Канапелька, якога сустрэлі ў час замены сайлентблока. Па суседстве Міхаіл Кляцоў мяняе рэмні – можна за лічаныя хвіліны замяніць стужку, але з-за вагомай разборкі механізмаў значны час губляецца.

НА фота ніжэй: Васіль Канапелька

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *