Пазнаюць малую радзіму

Образование

У трэці раз у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і ў сувязі з наступаючым 500-годдзем з дня першага ўпамінання аб Хойніках (1512 г.) па ініцыятыве дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі, узгодненай з аддзелам адукацыі райвыканкома, прайшоў раённы фестываль вучэбна-доследных работ пад назвай “Пазнай сваю малую радзіму”. Пасля першага яго этапа, які праводзіўся на ўзроўні ўстаноў адукацыі раёна, дзесяць работ вучняў былі прадстаўлены для абароны.

Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі, прадставіўшыя свае доследныя работы, валодалі тэкстамі даклада, свабодна арыентаваліся ў спецыяльнай тэрміналогіі выбранай галіны даследавання, дакладна і кампетэнтна адказвалі на пытанні, якія датычылі тэмы. Члены журы, у склад якога ўваходзіла і намеснік дэкана Мазырскага педагагічнага універсітэта Л.І. Кенік, адзначалі, што вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў выдатна справіліся з раскрыццём выбраных тэм. Афармленне работ адпавядае прад’яўляемым патрабаванням, даследаванні актуальныя, дастатковая глыбіня пранікнення ў даследуемую праблему, рашэнні, вывады, заключэнні аргументаваныя.

У напрамку пошукава-доследнай дзейнасці “Гісторыя” лепшымі прызнаны работы  дзевяцікласніцы СШ № 3 г. Хойнікі Юліі Салянка (кіраўнік – настаўнік гісторыі С.В. Бельскі) “Караль Прозар. Да 250-годдзя з дня нараджэння” і Юліі Іванюшка з СШ  № 2 г. Хойнікі (кіраўнік – настаўніца гісторыі С.В. Бойдак) “Памяць сэрца”. У намінацыі “Прырода” перамаглі юныя даследчыкі дзяржаўнай гімназіі  Наталля Савянок, Яўгенія Міхаленка, Андрэй Краўчанка, Антон Даніленка, Алена Куліцкая, Надзежда Сушчанка, Вераніка Дзяйкун, Крысціна Бураўцава і  Ілья Кудрыцкі (кіраўнік – настаўніца геаграфіі Г.І. Сіраж), якія прааналізавалі тэмпературныя паказчыкі мікрараёна “Юбілейны” г. Хойнікі ў аспекце глабальнага пацяплення. У намінацыі “Культура” вызначаны два пераможцы:  вучаніцы Велікаборскай базавай школы Марына Кашперка і Вольга Прыходзька (кіраўнік – настаўніца гісторыі А.Ф. Якуніна) з работай “Фальклорная спадчына вёскі Вялікі Бор”  і гімназістка Яўгенія Міхаленка (кіраўнік – І.М. Апанасюк) з работай “Мой горад у інтэрнет-прасторы”.

Ад дырэкцыі дзяржаўнай гімназіі ўсе ўдзельнікі фестывалю вучэбна-доследных работ і іх кіраўнікі атрымалі Падзячныя пісьмы, якія ўручыў дырэктар П.Ф. Лекаркін.

Лепшыя доследныя работы будуць апублікаваны на старонках раённай газеты “Ленінскі сцяг”.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *