Дзякуй за працу


Штогод па ўсталяваўшайся традыцыі мы падводзім вынікі работы працоўных калектываў за мінулы год і вызначаем задачы на будучыню. У 2010 годзе нашы сумесныя намаганні былі накіраваны на ўдасканальванне і дынамічнае развіццё ўсіх галін.


Удалося забяспечыць выкананне большасці асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Усе прамысловыя прадпрыемствы  спрацавалі вышэй узроўню 2009 года. Перавыканалі гэты паказчык ПУП «Палескія сыры», фабрыка мастацкіх вырабаў, заводы ЖБВ, гідраапаратуры, рамонтны.



Чысты прыбытак за 11 месяцаў 2010 года склаў 12916 млн.руб. пры 872 млн.руб. за адпаведны перыяд 2009 года.
У мінулым годзе ў рамках інавацыйнай праграмы ў г. Хойнікі рэалізоўваліся два важных інвестыцыйных праекты:
— рэканструкцыя дрэ-ваапрацоўчай вытворчасці на філіяле па дрэваапрацоўцы «Палескі» НВ РУП «Белінвесткамплект». З пачатку яго рэалізацыі выкарыстана інвестыцый на суму 7,6 млрд. руб., у тым ліку за 2010 год 1,605 млн. руб.; 
— газіфікацыя індывідуальных жылых дамоў РВУП «Гомельаблгаз», за 2010 год інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 1,3 млрд. руб.



Створана 206 рабочых месц за кошт розных крыніц, у тым ліку 8 рабочых месц з удзелам сродкаў дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Рашэннем Гомельскага аблвыканкама таварыству з дадатковай адказнасцю «Хойнікі-Люкс» выдзелена бюджэтная пазыка ў суме 267 млн.руб. на стварэнне 18 рабочых месц.
Галоўнымі задачамі развіцця прамысловай вытворчасці раёна цяпер з’яўляюцца:
— павышэнне яго тэхнічнага і тэхналагічнага ўзроўню на падставе хуткага абнаўлення асноўных сродкаў;
— стварэнне і развіццё канкурэнтаздольных вытворчасцей;
— павелічэнне долі нарошчвання выпуску высакаякасных і запатрабаваных на рынках тавараў.



Некалькі няпростым быў мінулы год для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Па  выніках работы ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымана прадукцыі ў супастаўных цэнах 2009 года на 83,9 млрд.руб., што склала 84,5% да ўзроўню мінулага года пры прагнозе 112,5. У грамадскім сектары атрымана прадукцыі на 53,2 млрд.руб., або 63% ад агульнага аб’ёму вытворчасці. Тэмп росту валавой прадукцыі ў грамадскім сектары склаў 82,7%.



Першачарговай задачай на 2011 год з’яўляецца выканане прагнозных паказчыкаў. Аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2011 годзе да 2010 года чакаецца на ўзроўні 108% ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. У тым ліку ў грамадскім сектары – 117,8%. Рэнтабельнасць продажу ў сельгаспрадпрыемствах плануецца на ўзроўні 3,5%. Для выканання пастаўленых задач гаспадаркам раёна неабходна атрымаць:
— малака – 27850 тон;
— вырошчвання жывёлы ўсіх відаў – 3000 тон;
— збожжа, уключаючы кукурузу – 46800 тон;
— агародніны – 920 тон;
— рапса – 8300 тон;
— бульбы – 8800 тон;
— цукровых буракоў – 35000 тон;
— сена – 7600 тон;
— сенажу – 49300 тон;
— сіласу – 103100 тон.



Стабільна працуюць калектывы дарожнай галіны. Аб’ёмы будаўніча-мантажных работ ДБУ-23, ДЭУ-155, ДЭУ-45 за мінулы год склалі адпаведна 209,5%, 162,3% і 108,6%. Дынамічна развіваецца будаўнічы комплекс. Аб’ёмы выкананых работ Хойніцкай ПМК і ААТ «Хойнікірамбуд» склалі адпаведна 183,9% і 143%.
Дастойны ўклад у агульную скарбонку працоўных поспехаў уносяць калектывы райпо, паштовай і электрасувязі, бытавога абслугоўвання і іншых галін.
Далейшае развіццё атрымалі ўстановы сацыяльна-культурнай сферы. Педагагічныя калектывы праводзяць выніковую работу па задавальненню адукацыйных запытаў вучняў. Гэта дазволіла палепшыць паказчык паступлення выпускнікоў у ВНУ ў 2010 годзе да 39%. Створаны ўмовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу дзіцяці ў вольны ад вучобы час. Карысная занятасць іх летась склала 68%. 



У 2010 годзе з ліку выхаванцаў ДЮСШ падрыхтаваны 3 кандыдаты ў майстры спорту, 1 майстар спорту па дзюдо, 1 – па цяжкай атлетыцы.
Праводзіцца планамерная работа па ўдасканальванню аказання даступнай і якаснай меддапамогі насельніцтву. Летась адбылося зніжэнне шэрагу паказчыкаў – анкалагічнай захворваемасці, пярвічнай дзіцячай інваліднасці і інш.  Удзелена была ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчэнню медабсталяваннем і апаратурай. На гэтыя мэты з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў атрымана 889 млн.руб. У рамках зацверджаных праграм ажыццяўляюцца рамонты медустаноў.
Пэўная работа праводзіцца па сацыяльнай абароне насельніцтва.



Установы культуры актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні народных свят і абрадаў. Удзяляецца ўвага захаванню нацыянальна-культурных традыцый. У верасні летась раённы Дом рамёстваў стаў дыпламантам рэспубліканскага фестывалю этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» за лепшую калекцыю выставачных работ у конкурсе рэгіянальных падворкаў. Навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў былі ўдзельнікамі абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага конкурсаў.
Комплекс прынятых мер аддзелам унутраных спраў райвыканкама быў накіраваны на забеспячэнне рэальнай абароны грамадзян ад злачынных замахаў. Удалося дабіцца летась зніжэння ўзроўню злачыннасці, высокай эфектыўнасці раскрыцця злачынстваў.



Летась праведзены значныя грамадска-палітычныя мерапрыемствы.  Галоўным з іх былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 6-7 снежня дэлегацыя нашага раёна ўдзельнічала ў чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Гэтаму папярэднічала немалая карпатлівая работа ў працоўных калектывах. За гэта дзякую ўсім, хто меў дачыненне да яе правядзення. Акрамя таго, мы змаглі дастойна падрыхтавацца і правесці Дзень беларускага пісьменства.



Не забыта наша гісторыя, мінулае. Аддадзена даніна памяці нашым ветэранам, усім тым, хто ваяваў і загінуў, абараняючы гонар роднай зямлі. Праведзены мерапрыемствы па святкаванню 65-годдзя Вялікай Перамогі, вызвалення рэспублікі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адкрыта Алея баявой і працоўнай Славы нашых землякоў.
Адказныя задачы стаяць перад народнагаспадарчым комплексам сёлета. Зацверджаны важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і індыкатыўныя паказчыкі аб’ёмаў вытворчасці па відах эканамічнай дзейнасці. Упэўнены, што нашым працаўнікам, усім нам, па сілах справіцца з намечанымі задачамі.
Жадаю вам, паважаныя ўдзельнікі злёту, а ў вашай асобе ўсім хайнічанам, паспяховай, эфектыўнай працы. Дабрабыту, міру і шчасця ў сем’ях.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *