Не ведаюць, што твораць


Па начах, як вядома, добрыя справы не робяцца. За выключэннем, канешне, працоўных змен на прадпрыемствах, дапамогі пацярпеўшым і ліквідацыі вынікаў аварый на дарогах і камунікацыях, а таксама ў іншых непрадбачаных сітуацыях, якія ўзнікаюць стыхійна і нечакана. А вось жыхарка нашага горада Н.В. Яромчык разам з У.В.  Краўчанкам на начную справу пайшла свядома і мэтанакіравана. Вельмі ўжо да спадобы прыйшлося сужыцелям аргшкло, якім абсталяваны павільёны прыпынкаў на маршруце руху гарадскіх аўтобусаў, і якое, па іх разуменню, магло б упаўне ўпрыгожыць міжпакаёвыя дзверы ў кватэры гераіні гэтай не зусім прыгожай гісторыі.



Аб’ектам промыслу «салодкая парачка» выбрала прыпынак па вуліцы Сялянскай райцэнтра – месца ціхае і спакойнае. Аднак гэтая самая цішыня і падвяла падзельнікаў: грукат, які яны ўзнялі ў чатыры гадзіны лютаўскай раніцы, спрабуючы пры дапамозе малатка і зубіла дэманціраваць так спакусіўшае іх шкло, пабудзіў усю аколіцу. Людзі патэлефанавалі ў міліцыю, але ж да прыезду яе супрацоўнікаў зламыснікі паспелі зацягнуць знятае аргшкло ў лясны масіў непадалёку ад комплексу будынкаў цэнтральнай раённай бальніцы.
Ды толькі палюбавацца пералівамі святла ў адноўленых такім арыгінальным чынам дзвярах Ніне Васільеўне і Уладзіміру Васільевічу не давялося, бо ў хуткім часе яны ўжо давалі паказанні па факту ўласнаручна здзейсненага правапарушэння.



Мерай адказнасці для іх стаў штраф у памеры 10 базавых велічынь, накладзены на кожнага з фігурантаў гэтай адміністрацыйнай справы – усяго 700 тысяч рублёў. Іронія ж лёсу ў тым, што кошт украдзенага шкла склаў 344 400 рублёў – гэта значыць удвая дзешавей сумы пакарання.
З іншага боку, усяго толькі 6 тысяч рублёў да сумы нанесеных КЖУП «Хойніцкі камунальнік» страт не хапіла для таго, каб справа кваліфікавалася як крымінальная і здзейсненая групай асоб з адпаведна прызначанай мерай пакарання.



Зрэшты, сутнасць не ў гэтым. Пасля прайшоўшага ў мінулым годзе Дня беларускага пісьменства значна папрыгажэў і пахарашэў наш горад. Вось толькі шкада, што свядомасць некаторых яго жыхароў так і засталася на ўзроўні свядомасці дзікіх і нецывілізаваных людзей. Чым іншым растлумачыць прыведзены вышэй выпадак? А калі б, напрыклад, самім Яромчык і Краўчанку давялося чакаць аўтобуса на сцюдзёным марозным ветры альбо пад праліўным дажджом у павільёне без даху, які б напярэдадні «канфіскавалі» для ўласных мэт іншыя, не ў меру гаспадарлівыя грамадзяне?  І якімі словамі ў такіх сітуацыях героі гэтай публікацыі ўспаміналі б сваіх, так бы мовіць,  «аднадумцаў»?
Адказы на гэтыя пытанні відавочныя. Аднак па-ранейшаму дарослыя і малалетнія вандалы ўзламваюць дэкаратыўныя металапрофільныя і бетонныя агароджы на вуліцах горада, разбіваюць чугунныя ўрны для смецця і масіўныя лаўкі для адпачынку, бязлітасна б’юць ажурныя і вытанчаныя ліхтары асвятлення. Не пашкадавалі нават дзіцячую пляцоўку ў гарадскім парку, з якой яшчэ мінулай восенню зніклі замкі, што мацуюць арэлі, а на ўваходзе на яе літаральна праз некалькі тыдняў абламалі крылы дэкаратыўных ветракоў. Вось ужо і сапраўды, як у мудрай Бібліі сказана: не ведаюць, што твораць яны…


 


С. СМАЛОЎСКІ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КЖУП «Хойніцкі камунальнік».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *