Ці зашумяць высока травы?

Сельское хозяйство

Пад яравую сяўбу 2011 года гаспадаркам раёна неабходна мець 1116 тон насення збожжавых і зернебабовых культур. Усё яно па стану на 1 сакавіка засыпана, ачышчана, праверана і адпавядае патрэбным пасяўным кандыцыям.   Зараз   на  чарзе ў агранамічных служб сельгаспрадпрыемстваў – пратручванне насеннага матэрыялу.



Больш складаная сітуацыя склалася з насеннем шматгадовых траў. Раённы план іх засыпкі складае 100 тон, а на пачатак сакавіка было праверана толькі 45,5 тоны (адпаведна столькі ж у працэнтах), з якіх 32 тоны прызнаны кандыцыйнымі, 13,5 – некандыцыя. Асабліва cкладанае становішча ў гэтым плане ў агракамбінаце «Віць», дзе няма ніводнай тоны кандыцыйнага насення шматгадовых траў, а 9,6 наяўных тон з неабходных 10 тон з’яўляюцца некандыцыйнымі па ўсходжасці.



На 80 працэнтаў забяспечаны адпавядаючым пасяўным кандыцыям насенным матэрыялам шматгадовых траў сельгаспрадпрыемства «Веляцін», напалову – КСУП «Судкова», забяспечанасць астатніх гаспадарак раёна складае ніжэй 50%. Пагэтаму недастаючае насенне шматгадовых траў ім давядзецца закупляць у спецыялізаваным гомельскім сельгаспрадпрыемстве «Насенне траў» або ў іншых элітгаспадарках вобласці. Набываць насенны матэрыял можна як насеннем асобных шматгадовых траў (яжа, канюшына, цімафееўка, аўсяніца, райграс пашавы і інш.), так і ў выглядзе пашавых і сенакосных сумесяў.



Па даных праверак добра перазімавала закладзенае ў буртах насенне бульбы. На сённяшні дзень у раёне ёсць усе неабходныя для пасадкі 1600 тон насення, праведзеныя праверкі паказалі, што 511 яго тон знаходзіцца ў добрым стане, астатнія 1089 тон – у здавальняючым. Вось толькі праблема ў яго рэпрадукцыйна нізкім складзе – у асноўным гэта насенны матэрыял ІІ і ІІІ рэпрадукцый, што негатыўна адаб’ецца на будучым ураджаі «другога хлеба».



А. ЧЭКАН, начальнік дзяржаўнай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *