Жыццё вышэйшай пробы


Пяцьдзесят гадоў пражылі ў ладзе і згодзе, у нястомнай працы сяляне, жыхары аграгарадка Судкова Мікалай Іванавіч і Аляксандра Еўціхаўна Краўчанкі.  Здаецца, яшчэ зусім нядаўна сустрэліся на вясковай вечарынцы ў Дроньках маладыя трактарыст і даярка, згулялі 10 лютага 1961 года вяселле. І не заўважылі як праляцеў час да вяселля залатога. Праўда, адзначаць яго ніяк не планавалі. Аб гэтым паклапацілася іх унучка Вольга Мікалаеўна Шлег, арганізаваўшы для любімых дзядулі і бабулі “залатую”  рэгістрацыю шлюбу на даму.



– Атрымалася душэўнае, цёплае свята ў коле дзяцей і ўнукаў, – расказвае М.І. Краўчанка. – Усё было як на сапраўдным вяселлі: цёплыя віншаванні і апладысменты, шампанскае і рэгістрацыя. Вельмі ўдзячны начальніку аддзела ЗАГС райвыканкама Алене Міхайлаўне Дземідзенка, якая прыязджала да нас, каб правесці святочны рытуал. І тое сімвалічнае пасведчанне, якое мы атрымалі з яе рук, даражэй для нас за сапраўднае, выдадзенае 50 гадоў назад, бо яно з’яўляецца вянцом сямейнага шляху ў пяць дзесяткаў гадоў.



«Залатыя» маладажоны родам з суседніх, адселеных пасля катастрофы на ЧАЭС вёсак. У Пагонным працаваў трактарыстам Мікалай, даяркай у Дроньках – Аляксандра. Абое з мнагадзетных сем’яў, таму і сваю сям’ю стварылі вялікую. Нягледзячы ні на што, яны заўсёды былі разам, сумесна вырашалі праблемы. Муж заўсёды падстаўляў надзейнае плячо, ён такога меркавання: шлюб павінен быць адзін і на ўсё жыццё. І, напэўна, пагэтаму Мікалай Іванавіч і Аляксандра Еўціхаўна па-ранейшаму   чула адносяцца адзін да аднаго.



Зараз усе іх дзеці жывуць на Хойнікшчыне, а пасля аварыі з бацькамі выязджалі, як меркавалася,  на пастаяннае месца жыхарства ў г. Выбарг Ленінградскай вобласці. Аднак не маглі прыжыцца там, і не толькі з-за сырога клімату: настальгія па роднаму краю прымусіла вярнуцца.
– Усе нашы дзеці добрыя, увішныя, працавітыя, – працягвае М.І. Краўчанка. – Незагойнай ранай застаецца для нас смерць сына Уладзіміра ад хваробы ў 36 гадоў. Але застаўся яго працяг на зямлі – два сыны, а нашы ўнукі.



Дачка Валянціна працуе ў КСУП «Судкова» брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы, Надзежда, работніца панчошнай фабрыкі, жыве ў Гомелі, Ала з’яўляецца начальнікам аддзела кадраў нашага сельгаспрадпрыемства. Сын Анатолій працуе лесніком, Леанід пайшоў па маіх слядах – ён трактарыст, дачка Наталля са сваёй сям’ёй жыве ў Хойніках. Як добра, што ўсе нашы  дзеці са сваімі сем’ямі знаходзяцца побач. І заўсёды мы з жонкай рады бачыць у сябе дзесяць нашых унукаў. Святы і іншыя падзеі адзначаем адной сям’ёй. Гэта робіць яе мацнейшай, аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў.
Што гэта сапраўды так, пераконвае і падарунак на «залатое» вяселле дзядулі і бабулі, падрыхтаваны ўнучкай Вольгай, якая працуе зараз мастаком у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Лічачы, што самы дарагі падарунак той, што выраблены сваімі рукамі, Вольга Мікалаеўна падарыла выкананае на палатне генеалагічнае дрэва сям’і Краўчанкаў, на якім больш за 30 галінак роду, пачынаючы ад прадзедаў.
І кожная галінка дае свае багатыя парасткі.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *