Губляем там, дзе можна зарабляць

Сельское хозяйство

Падвядзенню вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-люты быў прысвечаны раённы семінар работнікаў аграпрамысловага комплексу, які прайшоў у мінулую суботу на базе сельгаспрадпрыемства «Стралічава». Запрошаныя на яго кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, эканамісты, інжынеры гаспадарак і спецыялісты райсельгасхарчу пабывалі на Губарэвіцкай і Стралічаўскай малочнатаварных фермах, а таксама на мехдвары эксбазы.



За апошні час гэтая гаспадарка палепшыла вынікі работы ў жывёлагадоўлі: узраслі валавыя надоі малака, аднымі з самых высокіх у раёне з’яўляюцца і сярэднясутачныя надоі ад каровы. Палепшыліся пазіцыі ў мясной жывёлагадоўлі, дзе павысіліся як валавыя, так і сярэднясутачныя прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы. І ўсё ж да поўнага ажуру жывёлаводам «Стралічава» яшчэ далёка. Калі колькасныя паказчыкі іх работы набылі тэндэнцыю да росту, то якасныя пакідаюць жадаць лепшага.



Як адзначыў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, вялікім застаецца ў гаспадарцы расход кармоў на атрыманне аднаго літра малака: пры норме 1,1 цэнтнера кармавых адзінак тут затрачваецца 1,6 (а ў агракамбінаце «Віць» і ўвогуле 2,51). Тлумачыцца гэта неналежнай арганізацыяй уліку расходу кармоў, а таксама іх стратамі пры кармленні. У апошнім можна было пераканацца на Губарэвіцкай МТФ, дзе пасля праезду кормараздатчыка ў кармушках і на зямлі засталася амаль ці не аднолькавая колькасць сіласу. Нямала яго параскідана і па тэрыторыі кашары. Не ўсе даяркі дакладна ведаюць рацыён раздачы канцэнтратаў, сыплюць іх на вока вядзерцам з-пад маянэзу.
Не захоўваюцца патрабаванні, якія прад’яўляюцца тэхналогіяй утрымання і вырошчвання цялят – новенькія домікі ўшчыльную туляцца адзін да аднаго, што садзейнічае хуткаму распаўсюджванню вірусных захворванняў сярод маладняку БРЖ.



Губляе гаспадарка і на якасці малака – усё яно ў апошнія дні  рэалізуецца толькі першым гатункам, няма ніводнай тоны вышэйшага гатунку. Тое ж самае, дарэчы, можна сказаць пра агракамбінат «Віць» і КСУП «Велікаборскі», дзе малако ў сакавіку таксама рэалізуецца толькі першым гатункам. Вось і атрымліваецца, што недабіраем там, дзе можна зарабляць.



Нізкай застаецца і захаванасць цялят. На Губарэвіцкай ферме на 100 кароў атрымана толькі 72 цяляці, хаця павінна быць не менш 95.
Акрамя таго, у «Стралічаве» амаль утрая ніжэй сярэдне-абласнога паказчык выручкі: у сярэднім за месяц на 1 працуючага – 1,3 мільёна рублёў (па вобласці – 3,7 млн. руб.), не намнога вышэй ён і ў сярэднім па раёну – 1,6 млн. рублёў.



Недахопы, выяўленыя ў рабоце жывёлаводаў эксбазы «Стралічава», уласцівы і іншым гаспадаркам раёна. А гэта вядзе не толькі да якасных і колькасных страт, але і да зніжэння фінансавых вынікаў работы сельгаспрадпрыемстваў. Таму і не дзіўна, што па выніках работы за першыя два месяцы года наш раён па многіх пазіцыях займае месцы ў канцы зводных  табліц.



Асобна хацелася б сказаць аб культуры вытворчасці, якая ў многім звязана з вынікамі работы. І на Стралічаўскай, і на Губарэвіцкай фермах уся тэрыторыя заасфальтавана, але пакрыта яна пластам бруду і саломы, то тут, то там узвышаюцца стыхійныя бурты гною і сіласу, пад промнямі сонейка падтаялі снег і лёд, якія расцякаюцца навокал бруднымі раўчукамі. Няўжо патрэбны вялікія сілы і сродкі для таго, каб навесці належны парадак? Дарэчы, яшчэ больш неахайна ў гэтым плане выглядае тэрыторыя Кліўской МТФ КСУП «Судкова», але нікому са службовых асоб няма да гэтага ніякай справы – якраз той выпадак, калі трэба і ўладу выкарыстаць.


 


Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *