Камуністы – наперад!


Аб падзеях на Чарнобыльскай АЭС я даведаўся ад знаёмых. Ужо назаўтра пасля аварыі вестка аб здарэнні абляцела ўсё наваколле, але ж тады, канешне, і блізка ніхто не ведаў і нават не здагадваўся аб тым, чым пагражае жыхарам раёна аварыя на атамнай станцыі.



А 28 красавіка нас, работнікаў райбальніцы, сабраў галоўны ўрач А.П. Тарасевіч і коратка расказаў аб тым, што з райкама КПБ і аблздраўаддзела прыйшлі афіцыйныя паведамленні аб падзеях ночы 26 красавіка на ЧАЭС. Нам, медыкам, было прадпісана выехаць у вёскі нашага раёна, якія знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад станцыі, паназіраць за самаадчуваннем людзей, узяць неабходныя для даследванняў аналізы. 



Ужо тады многія даведаліся аб небяспецы знаходжання ў зоне АЭС і таму наадрэз адмаўляліся туды ехаць. І тут спрацавала партыйная дысцыпліна: раз ты – камуніст, такое табе будзе ўжо не службовае, а партыйнае даручэнне. Выехалі мы разам са старшынёй раённага аддзялення таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца М. Крывеньчыкам, вадзіцелем і медсястрой С. Лягун. Пабывалі ў вёсках Дронькі, Пагоннае, Чамкоў, Радзін, Уласы. І хаця людзі займаліся звыклымі сялянскімі  клопатамі, адчувалася нейкае напружанае чаканне і насцярожанасць. Здаваць аналізы людзі адмовіліся, аб чым мы і паведамілі па тэлефоне  кіраўніцтву райбальніцы.
У раёне Уласоў пад’ехалі на пагорак на беразе Прыпяці, адкуль АЭС была бачна як на далоні. З высокай прамысловай трубы выразна курыўся невялікі белы дымок – як потым даведаліся, – нагляднае ўвасабленне той самай смертаноснай радыяцыі.



Потым у складзе сфармі-раваных груп па арганізацыі эвакуацыі насельніцтва прымаў удзел у адсяленні вёсак. Горкі малюнак назаўсёды застаўся ў памяці: равучая жывёла, людскі плач і слёзы, дакорлівы позірк сірацеючых на вачах вокнаў дамоў.



У той час людзям мы раілі менш бываць на адкрытым паветры, зачыняць фортачкі вокнаў, не ўжываць у ежу малочныя прадукты. А ўжо потым паступіла ўказанне разносіць па дамах у горадзе і развозіць па вёсках ёдаваныя таблеткі супраць радыеактыўнага ёду і яго ізатопаў.



Хворых людзей і цяжарных жанчын з зоны эвакуацыі спачатку размяшчалі ў раённай бальніцы, а калі не стала хапаць месц, іх клалі ў разгорнуты на базе СПТВ-183 шпіталь і ў Алексіцкую ўчастковую бальніцу. Што датычыць прыезжых маскоўскіх і ленінградскіх медыкаў, то ў нас з імі былі звычайныя рабочыя кантакты, аднак набытай інфармацыяй яны з намі асабліва не дзяліліся.
І толькі потым, праз гады, стаў відавочным рост усіх захворванняў, асабліва шчытападобнай залозы.Горкую цану заплацілі мы за неўтаймаваны мірны атам.


Ф. АСТАПЮК, пенсіянер, былы ўрач-тэрапеўт ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *