Са спортам сябраваць – здаровым бываць

Спорт

Адным з самых цёплых успамінаў дзяцінства для многіх маіх школьных сяброў застаецца купкаватая паляна гарадскога стадыёна, на якой мы ганялі футбольны мяч з часу, калі сыйдзе ранішняя раса і да святла вулічных ліхтароў. Зразумела, што тады, у далёкіх 70-х мінулага стагоддзя, мы толькі па чутках ведалі  аб знакамітых вытворцах спортінвентару: «Адзідас», «Пума», «Найк» альбо «Умбра» – гэтыя магічныя словы мае равеснікі вымаўлялі з прыдыханнем, быццам нейкія чароўныя мантры. А на няроўным і рознатраўным прамавугольніку поля ўсе гэтыя «адзідасы» нам замяняў старэнькі, неаднойчы старанна падшыты па швах звычайны скураны (а то і кірзавы) мячык невядома якога першапачатковага колеру.



Гэтыя мілыя сэрцу ўспаміны нахлынулі ў час сустрэчы з дырэктарам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Валер’евічам Цярэшчанкам. Менавіта гэтай дзяржаўнай установе належыць сёння прыгажун-стадыён у гарадскім парку і ўвесь комплекс яго збудаванняў: бегавая дарожка, крытыя трыбуны на паўтары тысячы месц, судзейскі корпус, памяшканні набыўшага летась другое жыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Што і казаць – умовы для заняткаў фізкультурай і спортам для жыхароў горада тут створаны блізкія да ідэальных. Радуючая вока ізумрудная зелень раўнюткага, як більярдны стол, штучнага футбольнага газона, пурпурныя бегавыя дарожкі, пакладзеныя з самых сучасных, пружынячых нават пры хадзе матэрыялаў, запоўненая мудрагелістымі прыстасаваннямі для загартоўкі і ўдасканальвання цела і духу трэнажорная зала, прасторная зала для настольнага тэніса і абсталяваная ўсім неабходным зала цяжкай атлетыкі – усё гэта да паслуг аматараў фізкультуры і спорту, проста прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. За кошт сродкаў аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, раённага бюджэту і ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама школа забяспечана ўсім неабходным спартыўным інвентаром і формай.



На сённяшні дзень у школе працуюць дзіцячыя секцыі па трох відах спорту – валейболу, футболу і лёгкай атлетыцы, усяго сфарміравана 26 груп агульнай колькасцю 307 чалавек. Немалаважна, што 11 груп колькасцю 102 чалавекі па гэтых профільных відах спорту функцыяніруюць на базе агульнаадукацыйных школ у Стралічаве, Глінішчы, Паселічах і Слабажанцы.



– Для жадаючых займацца на гарадскім стадыёне і ў залах фізкультурна-аздараўленчага комплексу з ліку вучняў сельскіх школ мы можам выдзеліць месца і час для трэніровак, – гаворыць С.В. Цярэшчанка. – Неабходна толькі арганізаваць падвоз дзяцей з вёсак і ўзгадніць з намі час і рэгулярнасць трэніровак.
Акрамя таго, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе займаюцца цяжкаатлеты з СДЮШАР аддзела адукацыі, ёсць тут і магчымасць развіваць настольны тэніс.
Уражваюць і санітарна-бытавыя ўмовы. У аздобленных сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі памяшканнях размясціліся 3 раздзявалкі на 25 месц кожная, душавыя з гарачай вадой, санвузлы. У ацяпляемых памяшканнях комплексу пануюць чысціня і ўтульнасць, якую ствараюць з густам падабраная колеравая гама, шматлікія люстэркі ва ўсе сцены, мяккае прыглушанае святло.



– Зараз вырашаецца пытанне аб перадачы на баланс школы спартыўнай залы ў ГЦКіС «Меліяратар», – працягвае свой расказ Сяргей Валер’евіч. – Мы маем намер арыентаваць яе і выкарыстоўваць толькі як залу для гульнявых відаў спорту – там ужо нанесены разметкі пляцовак для валейбола, міні-футбола і баскетбола, набыты таксама баскетбольныя шчыты і карзіны. З уводам гэтай залы ў эксплуатацыю мы значна разгрузім спартыўныя залы гімназіі і сярэдняй школы № 3. Чакаць засталося нядоўга, мяркую, што ў наступным месяцы мы зможам запрасіць аматараў спорту на жаночы валейбольны турнір, які будзе прымеркаваны да гэтай падзеі, і на які маем намер запрасіць мацнейшыя калектывы з гарадоў вобласці.



З гэтага месяца школа аказвае платныя паслугі не толькі для тых, хто займаецца ў афіцыйных секцыях, але і для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, якія займаюцца спортам у адзіночку альбо самастойнымі групамі. За адносна невялікую аплату тут можна атрымаць сапраўднае задавальненне ад заняткаў фізічнай культурай, для гэтага створаны ўсе ўмовы.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *