Справы важныя, неадкладныя


Лесагаспадарчая і лесапрамысловая дзейнасць – асноўныя напрамкі працы калектыву ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”. Але існуе шэраг іншых важных задач, якія неабходна вырашаць лесаводам. Аб гэтым размова карэспандэнта “ЛС” з дырэктарам лясгаса Д.К. ГАРБАРУКОМ.

– Дзмітрый Канстанцінавіч, як вядома дзейнічаюць рэспубліканская, адпаведна, абласная і раённая праграмы па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Што зроблена і робіцца наконт гэтага ў калектыве?

– Штогод складаецца бізнес-план, у якім у адпаведнасці з праектам развіцця лясгаса да 2010 года плануюцца віды і аб’ёмы работ. Так, летась выканана рубак догляду за лесам на плошчы 1780 гектараў, праведзена ачыстка ад захламленасці на 511 гектарах і ўбрана 3868 кубічных метраў драўніны на дровы, у тым ліку ў насаджэннях прыдарожных палос на плошчы 189 гектараў.

На апошнім пасяджэнні райвыканкома мы справядліва крытыкаваліся за неналежны стан прыдарожных палос уздоўж шляху на Рэчыцу. Мяркуем выправіць становішча да 15 красавіка і ў далейшым пастаянна падтрымліваць гэты і іншыя падобныя аб’екты ў добраўпарадкаваным стане.

Таксама на сёлетні год запланавана будаўніцтва лесагаспадарчай аўтадарогі № 2 працягласцю 4,2 кіламетра і адрамантаваць 8 кіламетраў лесагаспадарчых дарог.

У апошні час праведзены вялікі аб’ём работ па рэканструкцыі і рамонту адміністрацыйных памяшканняў лясніцтваў і лясгаса, пабудаваны паляўнічы домік. На гэта затрачана 450 мільёнаў рублёў уласных сродкаў лясгаса. У самых бліжэйшых планах – знос старых гаспадарчых пабудоў на сядзібе Дубровіцкага лясніцтва і будаўніцтва гаража, рамонт лазні і бытавога памяшкання, а таксама рамонт канторы Паселіцкага лясніцтва.

– Жыхары раёна і праязджаючыя па яго тэрыторыі людзі часта маюць патрэбу ў адпачынку.

– І на арганізацыю яго затрачваюцца немалыя сродкі лясгаса. Так, летась абсталявана 10 месц адпачынку і адрамантавана 5, у гэтым годзе з’явяцца яшчэ 4. Але гэта адзін бок медаля. Адваротны сведчыць аб нашай агульнай культуры: чалавек прыехаў у лес, адпачыў, паабедаў і пакінуў пасля сябе смецце. Вельмі крыўдна, што вось так нашчэнт зводзіцца наша праца ў гэтым напрамку.

– Дзмітрый Канстанцінавіч, лес, як вядома, арэал знаходжання дзікай жывёлы. Якім чынам рэгулюецца іх колькасць?

– Усе паляўнічыя ўгоддзі падзелены паміж лясгасам і раённай арганізацыйнай структурай Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Адпаведна на гэтых плошчах праводзіцца адстрэл дзікіх кабаноў, якія могуць нанесці шкоду і лясным, і сельскагаспадарчым угоддзям. Да адстрэлу лясгас прыцягвае старонніх паляўнічых, якімі летась знішчана 20 жывёлін, як і планавалася. Да гэтай справы прыступаем сёлета ў маі месяцы.

– Што можаце сказаць наконт аказання платных паслуг насельніцтву?

– Іх пералік дасягае 30 найменняў. Аднак галоўнымі і найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца паслугі аўтатранспарту, па валцы і раскрыжоўцы драўніны, пагрузцы і разгрузцы дроў. Для выканання работ маюцца наяўныя тэхнічныя і людскія сродкі. За студзень-люты сёлета аказана платных паслуг на суму 3,6 мільёна рублёў пры плане 2,2 мільёна рублёў.

Хачу сказаць, што не ў поўнай меры мы яшчэ прапаноўваем паслугі паляўнічага доміка для таго, каб ён стаў сапраўдным аб’ектам турызму і яго наведвалі жыхары  з-за мяжы. Хаця многае зроблена ў гэтым напрамку: умовы паляўнічага доміка могуць  задаволіць самых патрабавальных адпачываючых. Таму трэба сур’ёзна падумаць аб прыцягненні большай колькасці наведвальнікаў.

– Дзмітрый Канстанцінавіч, яшчэ не так даўно пры лясгасе існаваў дрэваапрацоўчы цэх.

–  Так, ён эксплуатаваўся з 1974 года. Але, як паказала практыка, лепш інвестыраваць сродкі ў лесанарыхтоўку, як больш рэнтабельны від дзейнасці. У мэтах выканання праграмы па павышэнню эфектыўнасці працы Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь была рэкамендавана перадача цэхаў дрэваапрацоўкі лясгасаў у арэнду. Гэта намі было і зроблена: цэх у нас арандуе сумеснае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю “Беллеспіл”. Змяніўся толькі наймальнік, людзі, што працавалі, тут і засталіся.

– І апошняе пытанне – аб прадпрымаемых мерах і ступені гатоўнасці лясгаса да прадстаячага пажаранебяспечнага сезона.

– Узмоцнена агітацыйна-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва па супрацьпажарнай прафілактыцы ў лясах, недапушчэнню сельскагаспадарчых палаў у вясенні перыяд. Асаблівая ўвага ў ёй удзелена мерам па захаванню прыродаахоўнага заканадаўства і адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правіл пажарнай бяспекі ў лясах. У цяперашні час усе тэхнічныя сродкі пажаратушэння, назірання і сувязі прыведзены ў поўную гатоўнасць. Арганізавана ахова ляснога фонду шляхам маршрутнага патрулявання леснікоў па замацаваных аб’ектах.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *