Распачалі!

Сельское хозяйство

Здаецца яшчэ зусім нядаўна рапс рассцілаўся па палях яркімі дыванамі і цешыў вока сваімі жоўтымі суквеццямі. Потым стаў густым і высокім… А цяпер гэтыя ўчасткі страцілі сваю жывасць – апусцелі адзін за адным.

Па традыцыі рапс стаў першынцам уборачнай кампаніі. Хойніцкая РАПСодыя атрымалася зладжанай і прыгожай мелодыяй жніва, нягледзячы на дажджлівыя ноткі (на сёння не абмалочанымі застаюцца лічаныя гектары).

Гэта мелодыя няўлоўна гучыць над палеткамі, у шораху раслін, у рокаце камбайнавых рухавікоў, шматтонных «МАЗаў», якія нястомна снуюць па полі. Мелодыя жніва асаблівая, непаўторная, якую аграномы, камбайнеры, вадзіцелі адчуваюць душой і сэрцам.

Сёлета першымі накіравалі камбайны ў поле ў ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». 4 ліпеня на палетак каля вул. Малішаўскай выйшлі пераабсталяваныя рапсавымі сталамі «КЗС-1218». І закіпела работа.
Рапс – культура патрабавальная да абмалоту, капрызная. Але нашы механізатары ўжо спрактыкаваныя ў няпростых працоўных буднях, апантаныя работай і жаданнем выканаць яе на выдатна. Аграсервісаўскія механізатары першыя стартавалі і выбіліся ў лідары жніва. Але гэта пакуль толькі раскачка, ім на пяткі ўжо наступаюць стралічаўцы і веляцінцы.

Дарэчы, эксбаза першай закончыла ўборку гэтай важнай алейнай расліны. А вось лепшыя па ўраджайнасці – мележаўцы (25 ц/га).
На бягучым тыдні ў «Судкова» і «Аравічах» пачалі ўбіраць яравы ячмень. Стэпавыя караблі павольна плывуць па залатых хвалях, пакідаючы за сабой роўныя, у нітачку, валкі. І едуць чарадой машыны, падстаўляючы свае кузавы пад патокам свежанамалочанага зерня. Карціна гэта неапісальнай прыгажосці! І бачым яе штогод, але кожны раз захапляемся, быццам упершыню.

Мужчыны праводзяць большую частку сутак за штурвалам камбайна – перад вачыма метр за метрам жнеярка з’ядае каласкі. Але ёсць у гэтай манатоннай працы нешта філасофскае – у людзей зямлі іншыя, сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці…
У першыя дні ўборачнай разам са спецыялістамі райсельгасхарчу мы пабывалі ва ўсіх гаспадарках раёна. Сустрэліся з «зоркамі» палёў, навічкамі жніва і сямейнымі дынастыямі. І арганізавалі фотосесіі для экіпажаў. Ва ўсіх пазітыўны настрой, нашы гутаркі былі кароткачасовымі, але, як заўсёды, з гумарам.
На гэтым каляровым газетным развароце – гонар раёна, нашы працалюбівыя, адказныя, сціплыя героі палёў. Аднак гэта толькі частка! «Гонка за тонамі» распачалася – і цяпер штотыдзень здымкі перадавікоў будуць змяшчацца ў раёнцы.
Па дзяржзаказу Хойнікшчыне неабходна здаць 1400 тон рапсу на ГУП «Гомельскія традыцыі смаку» – чвэрць задання ўжо выканана. Акрамя таго, судкаўчане пачалі рэалізоўваць збожжа на ААТ «Рэчыцкі КХП».

…Людзі аралі зямельку, сеялі, расцілі на ёй хлеб. Цяпер прыйшоў і ёй час аддзячыць хлебаробаў ураджаем. Няхай ён будзе багаты!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *