І эканомія, і якасць

Сельское хозяйство

Скандынаўскі цыклон, які прынёс дажджы, парывісты вецер і мокры снег, не знізіў напружанне на палях раёна, дзе поўным ходам ідуць веснавыя палявыя работы. У сельгаспрадпрыемстве «Веляцін», як і ў іншых гаспадарках, разам з веснавой сяўбой і падрыхтоўкай глебы пад яе працягваюцца работы па ўнясенню арганічных угнаенняў пад кукурузу і бульбу, завяршаецца ўнясенне мінеральных угнаенняў, падкормлены пасевы азімых збожжавых і азімага рапсу, шматгадовыя травы, сенакосы і пашы. 



Напрыклад, на ўнясенні мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу выдатна папрацаваў механізатар Уладзімір Васільевіч Кардаш. На трактары МТЗ-82 ён унёс мінеральныя тукі на плошчы 1200 га. На рахунку другога механізатара гэтай гаспадаркі Васілія Пятровіча Яромчыка 805 апрацаваных мінеральнымі ўгнаеннямі гектараў азімых.



Аднак зямлі-карміцельцы для павышэння ўрадлівасці патрэбны і арганічныя ўгнаенні. Іх унясеннем у гаспадарцы зараз займаюцца браты Васілій Мікалаевіч і Сяргей Мікалаевіч Петрусенкі. Іх працоўныя вынікі таксама называюцца ў ліку лепшых у раёне, гэтак жа як і работа Андрэя Адамавіча Яцухна. Усе яны, а таксама Андрэй Сяргеевіч Краўчанка па стану на 12 красавіка ўнеслі ў глебу 13200 тон арганічных угнаенняў з запланаваных 29 тысяч тон.



Пагрузку арганікі забяспечвае вопытны механізатар Аляксандр Міхайлавіч Півавар. Больш 33 гадоў налічвае яго механізатарскі стаж, з якіх апошнія пяць гадоў працуе на пагрузчыку «Амкадор-342».



На падкормцы азімых збожжавых і азімага рапсу вызначыліся Васілій Аляксандравіч Півавар і Сяргей Пятровіч Палхоўскі, якія пачалі гэтыя работы ў апошнія дні сакавіка, а завяршылі па заканчэнні першай дэкады красавіка.



Сямейны экіпаж братоў Равідовіч заняты на сяўбе ранніх збожжавых культур: Аляксандр і Дзмітрый пазменна працуюць на энерганасычаным МТЗ-3022 і сеялцы АПП-6. А ўсяго на яравой сяўбе заняты ўсе тры наяўныя ў «Велеціне» пасяўныя агрэгаты. На трактары МТЗ-1523 і сеялцы «Сілка» сяўбой збожжавых займаецца Аляксандр Ільіч Райляну, а на яшчэ адной імпартнай сеялцы «Інтэгра» ў счэпцы з МТЗ-3022 працуе Віктар Рыгоравіч Стасянок.
Выкарыстанне сучаснай шыроказахопнай тэхнікі дазваляе сейбітам не толькі павышаць якасць пасяўных работ, але і эканоміць дызельнае паліва.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *