Людзьмі звацца


14 красавіка ў райвыканкаме праведзена «прамая лінія» з удзелам кіраўніка раёна А.В. Бічана. Актуальныя тэмы размовы – будаўніцтва жылля, навядзенне парадку на зямлі, вядзенне падсобнай гаспадаркі.



У прыватнасці, маці дваіх дзяцей, адзін з каторых інвалід, цікавілася парадкам прадастаўлення сацыяльнага жылля, бо сама здымае кватэру па дагавору найма, стаіць на чарзе ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Цвёрдую пазіцыю ў гэтым пытанні мае старшыня райвыканкама – у любым выпадку будаваць лепш сваё ўласнае жыллё. Тым больш што прадастаўляецца дзяржавай крэдыт пад 1% на 40 гадоў. Калі сёння ўступіць у жыллёва-будаўніча спажывецкі кааператыў, то ў наступным годзе можна будзе ўсяліцца ва ўласную кватэру. Гэта выгадная справа – «квадратныя метры» можна пакінуць дзецям, прадаць, чаго не зробіш з сацыяльным жыллём. Калі ў сям’і, якая вырашыла будаваць кватэру, ёсць дзіця-інвалід, то дзяржавай прадастаўляецца субсідыя ў залежнасці ад даходу сям’і.



Званілі неабыякавыя жыхары: былі паведамленні аб крадзяжы малака на ферме ў Клівах. Указаны канкрэтныя прозвішчы. Па гэтых фактах будзе праведзена праверка.
Жыхар горада Я.П. Яраш прасіў стварыць у сярэдняй школе  № 3 або на базе гімназіі  г. Хойнікі шахматна-шашачны клуб, прапанову адразу падтрымаў кіраўнік раёна. Вольны час трэба праводзіць з карысцю, каб рукі не цягнуліся сапсаваць што-небудзь, зламаць, каб не было жадання затуманіць свядомасць спіртнымі напіткамі.



У рамках месячніка па добраўпарадкаванню, аб’яўленага ў раёне, жыхары ўзяліся актыўна наводзіць санітарны парадак. Але ж што робяць некаторыя? Вызваляюць ад смецця ўласны падворак і выкідваюць яго за сваю агароджу. Аб такой безгаспадарчасці паведамілі з Вялікага Бору. Суседзі ж усё бачаць. Па-першае, аб якой культуры можа ісці размова ў гэтым выпадку? Як можна людзьмі звацца, калі пад носам чалавек шык-бляск навядзе, а выйдзе на вуліцу і будзе любавацца і ўдыхаць пахі ачага антысанітарыі. Такую свядомасць наўрад ці і штрафы змогуць выправіць.    



Вуліцу Спартыўную горада пры неабходнасці прагрэйдзіруе камунальная служба. А вось навесці парадак на зямельных участках, якія тут знаходзяцца ў арэндзе, справа іх гаспадароў. Зямля родзіць ураджай, але пры гэтым чакае належнай увагі і догляду. Ад яе трэба не толькі браць, але і плаціць сторыцай.



Ірына ВАСІЛЬЕВА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *