Кадры вырашаюць усё


Гэты лозунг савецкага часу не страціў сваёй актуальнасці і сёння. Што патрэбна зрабіць, каб замацаваць маладых спецыялістаў, каб ім на вёсцы жылося таксама камфортна як у горадзе? Дэпутацкая думка наконт актуальнай задачы абмяркоўвалася ў ходзе работы пастаяннай аграрнай камісіі абласнога Савета дэпутатаў, узначальваемай старшынёй камісіі А.А. Татарынавым, на выязным пасяджэнні ў ходзе разгляду пытання  «Аб выніках рэалізацыі ў Хойніцкім раёне Праграмы забеспячэння сельскагаспадарчых прадпрыемстваў кадрамі».



Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай ДПТВ-183 па арганізацыі вучэбна-вытворчага працэсу, у Судкоўскай СШ – з прафарыентацыйнай работай, наведалі музей «Трагедыя Чарнобыля» ў аграгарадку «Судкова» і Дом-музей І.П. Мележа ў Глінішчы, малочнатаварны комплекс на 720 галоў жывёлы  ў КСУП імя Мележа, маладую сям’ю працаўнікоў-аграрыяў.



На пленарным пасяджэнні па падвядзенню вынікаў праведзенай работы па кадраваму забеспячэнню сельскай гаспадаркі раёна адзначалася, што на Хойнікшчыне вельмі правільна расстаўлены прыярытэты ў важнай справе, выпрацавана стратэгія дзейнасці, у прыватнасці прафарыентацыйная работа вядзецца з дзецьмі самага малодшага ўзросту.



 У склаўшайся абстаноўцы, калі назіраецца дэфіцыт спецыялістаў зоаветэрынарнай службы, дзеля  ўзняцця  прэстыжу прафесіі неабходна забяспечыць спецыялістаў жывёлагадоўлі дастойнай зарплатай, стварыць неабходныя ўмовы для работы, а галоўнае – каб была зацікаўленасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у тым, каб поўнасцю раскрыўся працоўны патэнцыял тых, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з вёскай і якога не прывабліваюць спакусы вялікага горада. Трэба трымаць пастаянную сувязь з вышэйшымі і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць кадры спецыялістаў для работы ў жывёлагадоўлі, працуючы такім чынам на перспектыву. А дастойная  заработная плата і добраўпарадкаванае жыллё для маладых спецыялістаў – правільны шлях да замацавання кадраў. У гэтым напрамку на Хойнікшчыне многае робіцца, у тых сельгаспрадпрыемствах, дзе кіраўніцтва заклапочана вырашэннем праблемы, кадравыя складанасці нівеліруюцца.



А.А. Татарынаў напомніў, што за бягучую пяцігодку ў нашай краіне патрэбна ў два разы павялічыць вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі. І ў гэтым, вядома, кадры спецыялістаў-аграрыяў іграюць першую скрыпку.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *