Старшыня райвыканкама А.В. Бічан: «Ад рэабілітацыі – да ўстойлівага развіцця»


Найбуйнейшая ў свеце тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя крута змяніла лёсы, уклад жыцця, унесла карэктывы ў далейшае развіццё Хойніцкага раёна. Але мы не былі пакінуты сам-насам з бядой.



За гэты час з дапамогай дзяржаўных сродкаў у раёне пабудавана 6 аграгарадкоў, у в. Глінішча пабудаваны сучасны малочнатаварны комплекс на 720 галоў БРЖ, узвядзенне аналагічных аб’ектаў заканчваецца ў КСУП «Аравічы» і эксбазе «Стралічава».



Усяго за паслячарнобыльскі перыяд у сельскіх населеных пунктах за кошт ільготных крэдытаў гаспадарак уведзена ў эксплуатацыю 105 аднакватэрных жылых дамоў, такім чынам праблемы з жыллём для маладых спецыялістаў на вёсцы няма. У горадзе бясплатнае жыллё таксама будавалася актыўнымі тэмпамі. Больш чым на 1200 кватэр рознай плошчы прырос жылфонд у Хойніках. З 1998 года газіфікаваны 11 сельскіх населеных пунктаў, у горадзе з 2005 года газапровад пракладзены па ўсіх вуліцах, падвядзенне блакітнага паліва да дзяржжылфонду ў Хойніках плануецца завяршыць сёлета. 



Разам з гэтым летась зроблены рывок наперад у плане развіцця інфраструктуры горада. Новы твар Хойнікі набылі ў сувязі з правядзеннем Дня беларускага пісьменства.
У структуры сродкаў, накіроўваемых у раён на пераадольванне наступстваў катастрофы на ЧАЭС, найбольшую ўдзельную вагу маюць прадугледжаныя заканадаўствам сацыяльныя льготы – гэта выплаты і кампенсацыі, бясплатнае аздараўленне дзяцей і школьнікаў.



Для папаўнення матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтральнай раённай бальніцы сучасным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем за кошт чарнобыльскіх сродкаў з 2005 года яго паступіла больш чым на 1 млрд. 162 млн. руб. Немалаважнай з’яўляецца і дапамога замежных дабрачыннікаў.



У мінулай пяцігодцы актыўна вялася работа па змяненню структуры пасяўных плошчаў з мэтай павелічэння ўдзельнай вагі культур з меншым узроўнем накаплення радыенуклідаў. У выніку пераспецыялізацыі больш чым у тры разы павялічыліся плошчы пасеваў кукурузы, цукровых буракоў, у два разы – азімага рапсу і склалі адпаведна 6500, 1000 і 3600 га.



Адным з найбольш важных накірункаў мінімізацыі наступстваў катастрофы з’яўляюцца ахоўныя мерапрыемствы ў аграпрамысловым комплексе. Штогод праводзіцца перазалужэнне кармавых угоддзяў з мэтай павышэння прадукцыйнасці пашы і зніжэння ўтрымання радыеактыўных рэчываў у кармах у сярэднім на плошчы 1000 га прыватнага і грамадскага сектара. Пастаянна дэманструюць гатоўнасць працаваць разам на вынік прадстаўнікі РНДУП «Інстытут радыялогіі» г. Гомеля – праводзяць канкрэтныя разлікі па выхаду на самыя эканамічныя паказчыкі кожнай гаспадаркі раёна ва ўмовах забруджанасці тэрыторый радыенуклідамі. У прыватным сектары населеных пунктаў раёна, дзе выяўляюцца выпадкі перавышэння ўтрымання цэзію-137 у малацэ, насельніцтва ў пашавы перыяд атрымлівае камбікорм для кароў з ферацынамі, якія звязваюць цэзій у страўнікава-кішэчным тракце і выводзяцца з арганізма жывёлы. Акрамя таго, ствараюцца сенакосы і пашы, праводзіцца іх падкормка мінеральнымі ўгнаеннямі.
Для правядзення работ, звязаных з аграхіміяй, жывёлагадоўляй, за кошт сродкаў на ліквідацыю наступстваў катастрофы для работнікаў гаспадарак раёна закупляюцца на 50% ад гадавой патрэбнасці спецадзенне і сродкі індывідуальнай аховы.



Пры дапамозе супрацоўнікаў Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі распрацаваны біялагічна актыўныя дабаўкі ў ежу «Дапінат-селен», «Дапінат-ёд» і інш., і на мясцовым хлебазаводзе наладжаны выпуск новых відаў хлебабулачных вырабаў, якія характарызуюцца палепшанымі мінеральнымі ўласцівасцямі, збалансаваны па кальцыю і фосфару.
У раёне маецца 9 радыелагічных лабараторый для правядзення даследаванняў прадуктаў харчавання на ўтрыманне цэзію-137, у двух з іх – таксама на ўтрыманне стронцыю-90. Самае важнае тое, што праводзіцца вялікая работа па выхаванню ў падрастаючага пакалення новай экалагічнай культуры. У 2006 годзе ў раёне рэалізаваны праект Швейцарскага ўпраўлення па развіццю і супрацоўніцтву ў Беларусі – у шасці школах раёна створаны цэнтры практычнай радыелагічнай культуры, аснашчаныя камп’ютэрнай тэхнікай, радыёметрамі. Вучні Судкоўскай СШ на працягу двух апошніх гадоў у Парыжы прымалі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі ліцэістаў па радыяцыйнай абароне.
 На выведзеных з карыстання землях Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў з верасня 1988 года арганізаваны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На яго тэрыторыі плошчай больш за 200 тыс. га знаходзіцца 96 былых населеных пунктаў.  ПДРЭЗ з’яўляецца ўнікальным навуковым палігонам для вывучэння праблем радыеэкалогіі, радыебіялогіі, змены экасістэм ва ўмовах спынення гаспадарчай дзейнасці і інш. Яго тэрыторыя дае вялізныя магчымасці для вывучэння прыроды, жывёльнага і расліннага свету, некаторыя прадстаўнікі якіх адсутнічаюць у іншых рэгіёнах не толькі нашай краіны, але і Еўропы.  



Падводзячы вынік, адзначу, што на 2011-2015 гады прынята пятая па ліку Дзяржаўная праграма па пераадольванню вынікаў катастрофы на ЧАЭС. Галоўная яе задача – пераход ад рэабілітацыйных мерапрыемстваў да сацыяльна-эканамічнага адраджэння і ўстойлівага развіцця пацярпеўшых рэгіёнаў. І нам гэта па сілах. Ужо ў мінулай пяцігодцы Хойнікшчына стала на шлях перспектыўнага развіцця. Амаль усе даведзеныя раёну паказчыкі работы народнай гаспадаркі паспяхова выкананы.
Сённяшні наш арыенцір – павышэнне ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей на аснове ўдасканальвання сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *