Змыць радыяцыйны пыл


У першыя ж дні пасля аварыі на хойніцкіх вуліцах з’явілася армейская тэхніка: ахоўнага колеру аўтамабілі, бронетранспарцёры, іншыя спецмашыны. Для жыхароў гарадка, які раней не мог пахваліцца ні вайсковым гарнізонам, ні нават самым сціплым ваенным аб’ектам, гэта было ў навінку. Але чалавек прызвычайваецца да ўсяго, і ўжо праз нейкія тыдні «бэтээры» і спецтэхніка на вуліцах райцэнтра і вёсак сталі такой жа звыклай з’явай як «Жыгулі» альбо «Масквіч».



Вайсковыя спецыялісты выканалі велізарны аб’ём работ па дэзактывацыі зямель, будынкаў і тэхнікі. Сярод іх былі як кадравыя афіцэры, так і ваеннаслужачыя запасу (салдаты тэрміновай службы ў зону забруджвання не накіроўваліся) з многіх гарадоў Беларусі, Украіны, Расіі, іншых рэспублік былога СССР. Для ўхілення пагрозы распаўсюджвання радыяцыі ўсю тэхніку, якая працавала ў зонах адсялення і адчужэння, аўтамабілі, аўтобусы, трактары, бульдозеры, экскаватары, грэйдэры і інш. – у абавязковым парадку мылі спецрастворам на спецыяльна пабудаваных пунктах санітарнай апрацоўкі каля вёскі Берасцечка і на рэчыцкай трасе, непадалёку ад помніка воінам-даватарцам. Іншай вадкасцю апрацоўвалі абочыны дарог, пасля чаго яны пакрываліся скарынкай: пыл быў яшчэ адной крыніцай радыяцыі.



А ў населеных пунктах іншым разам па некалькі разоў даводзілася мыць жылыя дамы і іншыя будынкі, пакуль іх радыяцыйны фон не зніжаўся. Праўда, эфект ад гэтага часцяком быў толькі часовым. Вось чаму ў далейшым было прынята рашэнне аб спыненні работ па дэзактывацыі.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *