Буслы адляцелі, а людзі засталіся…


У жніўні мінулага года Іван Іосіфавіч Шамянок  адзначыў сваё 85-годдзе. Усё сваё жыццё гэты чалавек пражыў у Тульгавічах і нават чарнобыльская трагедыя не змагла прымусіць яго пакінуць абжыты продкамі родны кут, уласнымі рукамі пабудаваную хату, таксама ўласнаручна і ладна пакладзеную печ, не раз пераараную і перакапаную зямельку на прысядзібным участку.



Вёска Тульгавічы падлягала абвязковаму адсяленню з першых дзён аварыі ў Чарнобылі – дазіметры тады зашкальвалі ў любым яе месцы, дзе б ні праводзілі замеры. Таму людзі, трывожачыся за лёс і здароўе дзяцей, былі проста вымушаны назаўсёды пакінуць свае селішчы. А вось на старых не дзейнічалі ні ўгаворы, ні тлумачэнні. Іван Іосіфавіч тады нават заявіў, як адрэзаў: «Я Радзіму не мяняю».



А пабываўшы на новых месцах жыхарства сваіх трох сыноў і дачкі, яшчэ больш умацаваўся ў правільнасці свайго рашэння, так і застаўся жыць на сваім старым селішчы. Праз нейкі час вярнулася жонка Любоў Іванаўна, паціху сталі вяртацца, не прыжыўшыся на чужыне, суседзі. Тады і ўзнікла супярэчлівае і горкае паняцце «самасёлы» – людзі, якія добраахвотна выбралі жыццё на забруджаных радыяцыяй землях. Напачатку жылі быццам бы тайком, хаваючыся ад машын і людзей з «вялікай зямлі», з якімі не жадалі ні размаўляць, ні выслухваць іх довады і перакананні. Паступова і ўлада змірылася з тым, што гэтыя людзі цвёрда намерыліся пражыць тут да апошняга свайго часу – не ваяваць жа, на самай справе, са старымі…



Усяго на сённяшні дзень у Тульгавічах пражывае 7 чалавек, усе яны маюць далёка за пенсійны ўзрост, таму старым пайшлі насустрач: аднавілі падачу электраэнергіі, два разы на тыдзень (па аўторках і пятніцах) прыязджае сюды аўталаўка, прывозяць пенсію, часта бываюць работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі для замераў РДУ пітной вады і харчовай прадукцыі.



Не даюць гэтым своеасаблівым рабінзонам адчуваць сябе адарванымі ад цывілізацыі работнікі Тульгавіцкага лясніцтва ПДРЭЗ, якія дапамагаюць старым па гаспадарцы, могуць прывезці неабходнае з райцэнтра.



Жывуць тут зараз так, як жылі некалі нашы продкі – за кошт натуральнай гаспадаркі, праўда, плюс тэлевізар па вечарах. А ў астатнім усё засталося гэтак жа: нягледзячы на паважаны ўзрост, амаль усе трымаюць кароў і свіней, у многіх ёсць коні, саджаюць бульбу і гародніну, нарыхтоўваюць кармы на зіму для жывёлы. Дарэчы, Вольга Іванаўна Акуленка вельмі прасіла пасадзейнічаць у набыцці сена: цяжка ўжо трымаць касу старэчымі рукамі, а сельгаспрадпрыемства «Судкова» кожнае лета нарыхтоўвае сена не так і далёка ад Тульгавіч, сённяшнія жыхары якіх згодны заплаціць за яго.



Некалькі год таму назад на старых дрэвах і на стрэхах хат яшчэ красаваліся тут бусліныя гнёзды. Але не агалошваюць болей наваколле сваім клёкатам гэтыя добрыя і прыгожыя птушкі, перабраліся яны ў больш людныя мясціны. А вось людзі засталіся – апошнія жыхары знікаючай вёскі Тульгавічы.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *