Беларуская, народная – лялька самаробная

Культура Экономика

У фае раённага краязнаўчага музея люблю падыходзіць да вітрыны з сувенірамі. Там сабраны работы хойніцкіх майстроў, фабрыкі мастацкіх вырабаў і Дома рамёстваў. Цікава разглядваць маленькія сімвалічныя бутаньеркі ў выглядзе часночных галовак, фігуркі з саломкі і невялікіх лялячак – абярэгаў для хаты, сям’і і нават аўтамабіля. Усе гэтыя вырабы маюць попыт у замежных гасцей, вось і разлятаюцца хойніцкія абярэжныя лялькі па розных куточках свету. Нядаўна забралі частку іх у Японію, на памяць набылі жыхары Польшчы і Літвы.

На так званай малой радзіме лялек-абярэгаў, у раённым Доме рамёстваў, захоўваецца цэлы стэнд такіх вырабаў на любы выпадак жыцця. Звычайна заказы на вялікую колькасць абярэгаў прыходзяць напярэдадні візітаў замежных дэлегацый, робяць сувеніры і да народных святаў. Напрыклад, да абраду «Ваджэнне русалкі» ў агр. Вялікі Бор усе жадаючыя маглі набыць сімвалічную фігурку гэтай міфічнай істоты. А на Масляніцу і Купалле праводзяцца майстар-класы, дзе майстрыха В.Д. Шляхценка паказвае як зрабіць сабе абярэг. Дапамагае ёй вырабляць лялек дырэктар Дома рамёстваў Вольга Аляксандраўна Зелянкоўская. Дзеліцца Вольга Данілаўна Шляхценка і хітрасцямі:
– Так, падобная беларуская лялька вырабляецца без выкарыстання іголак і нажніц. Нішто вострае не павінна дакрануцца да тканіны і самой лялькі. Ніткі і латкі варта рваць рукамі, лішкі таксама замотваюцца. Таму лялька і носіць другую назву – мотанка, бо зматваецца, а не сшываецца.
У даўнія часы лялек рабілі перад далёкімі падарожжамі і называлі такіх «Падарожніца». У клунак клалі родную зямлю, а, часам, і попел з хатняй печкі. Да яе падобная фігурка «Скарбонка-сырніца». Лялечка-дзяўчынка таксама трымае клунак, куды загортвалі зярняткі. Сімвал абярэга – устаноўка на сытасць і заможнасць, ахова ад злых духаў і нават хвароб хатняй жывёлы. Такую ставілі ў куце дома ці хлява. Калі сырніцу апраналі, прыгаворвалі: «Матухна-цялушка, стой, як сцяна, даіся, як рака, каб вёдры вяршкоў былі поўныя, а крынкі смятаны былі тлустыя. Ключ да маіх спраў, замок да маіх слоў».
Выраблялі раней парныя лялькі: для мужа з жонкай – «Неразлучнікі» (іх дарылі на вяселле, гадавіну шлюбу і проста сямейнай пары на моцны саюз), для хаты – «Дзень і ноч» (абярэг абяцаў парадак у доме круглыя суткі). Для маладой гаспадыні – абярэг «Душа дома». Гэта лялечка, апранутая ў нацыянальный строй з пярэднічкам, сімвалізуе саму гаспадыньку, падтрымлівае яе.
Ёсць у арсенале хойніцкіх майстроў і абярэгі для немаўляці. Такую мотанку ўкладвалі ў маленькую ручку амаль з першых дзён, абярэг заўсёды знаходзіўся побач, абараняў ад нядобрага вока і злых рук.
Цікавыя маюцца ў Доме рамёстваў узоры народных лялек, прысвечаных мацярынству. Гэта і спавівальныя лялькі, якія нагадваюць замотаных немаўлятак, і фігурка жанчыны-шматдзетнай маці, быццам агорнутай дзеткамі. Такіх раілі рабіць дзяўчатам пасля вяселля і трымаць побач, пад падушкай.
Крыніцы народных лялек вядуцца яшчэ з часоў язычніцтва, калі продкі беларусаў пакланяліся ідалам і рабілі іх зменшаныя копіі, каб трымаць у хаце для аховы ад напасці. У хрысціянскія часы такая лялечка пераўтварылася ў сімвал роднага дома, які выраблялі для блізкіх на памяць, маліліся, пакуль намотвалі такі абярэг, укладалі самыя светлыя намеры і добрыя словы дзеля дабрабыту родных людзей. Часта ў хаце можна было пабачыць абярэг «Усевідушчае вока» – ад злога чалавека, для спакою гаспадароў.
Сёння самаробная лялька – сімвал нацыянальнай ідэнтыфікацыі, гістарычны артэфакт і, нарэшце, прадмет беларускага народнага побыту і інтэр’еру. Не абмініце выстаўку такіх лялек-абярэгаў пад шыльдай Дома рамёстваў у час бліжэйшага масавага свята – Дня горада, і спазнайце нямала цікавых фактаў.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *